Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/06/14/850683_852369/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2021 17:22
14.06.2016 16:21 Грамадства

Шуневіч: Найбольшую грамадскую небяспеку ўяўляюць "злодзеі ў законе", а таксама "лідары" і "аўтарытэты" крымінальнага асяроддзя

Гомель, 14 чэрвеня. Найбольшую грамадскую небяспеку ўяўляюць так званыя злодзеі ў законе, а таксама "лідары" і "аўтарытэты" крымінальнага асяроддзя, якія кантралююць злачыннасць і адначасова імкнуцца ўплываць на працэсы, што адбываюцца ў нашых дзяржавах, заявіў кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч 14 чэрвеня ў Гомелі на пасяджэнні аб'яднанай калегіі міністэрстваў унутраных спраў Саюзнай дзяржавы.

"У сувязі з гэтым неабходна працягнуць наступальную пазіцыю ў пытаннях недапушчэння кансалідацыі крымінальнага элемента, больш актыўна выкарыстоўваць увесь патэнцыял нашых ведамстваў", — прыводзіць словы Шуневіча аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама.

Міліцэйскі чыноўнік звярнуў увагу на тое, што тэма ўзаемадзеяння міністэрстваў унутраных спраў у сферы аховы грамадскага парадку і процідзеяння злачыннасці на транспарце таксама з'яўляецца не менш актуальнай у кантэксце геапалітычнага становішча, што складваецца ў краінах Еўрасаюза і на Блізкім Усходзе. "Гэта ў значнай ступені павышае рызыкі надзвычайных здарэнняў на аб'ектах транспарту Саюзнай дзяржавы, што мае вялікі транзітны патэнцыял, і патрабуе цеснага супрацоўніцтва ў вырашэнні задач, мэтай якіх з'яўляецца гарантаваная арганізацыя асабістай і маёмаснай бяспекі пасажыраў, недапушчэнне парушэнняў рэжыму функцыянавання чыгуначнага і паветранага транспарту", — заявіў міністр.

На калегіі абмяркоўваюцца пытанні ўдасканалення ўзаемадзеяння ў сферы барацьбы з арганізаванай злачыннасцю агульнакрымінальнай скіраванасці, а таксама аховы грамадскага парадку і процідзеяння злачыннасці на транспарце.

З дакладамі па першым пытанні выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў і начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Расіі Віктар Галаванаў.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239