Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/06/15/850791_100256/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:54
15.06.2016 13:37 Палітыка

У Мінску пачалося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне

Мінск, 15 чэрвеня. У Мінску пачалося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведаміла на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" Дар`я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Да пачатку пасяджэння кантактнай групы адбыўся чарговы раўнд перамоў у межах чатырох рабочых падгруп: па пытаннях бяспекі, палітыкі, эканомікі і гуманітарных пытаннях.

Паводле інфармацыі Оліфер, чакаецца, што на сённяшнім пасяджэнні будуць разгледжаныя ўсе выпадкі парушэнняў рэжыму спынення агню ў Данбасе. Даручэнне расследаваць ўсе такія выпадкі і падрыхтаваць падрабязную справаздачу было дадзенае сумеснаму цэнтру па кантролі і каардынацыі пытанняў рэжыму спынення агню і стабілізацыі сітуацыі і спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы, якое прайшло 10 чэрвеня ў рэжыме відэаканферэнцыі.

У сваю чаргу афіцыйны сайт прэзідэнта Украіны паведамляе, што 15 чэрвеня ў Мінску праходзіць сустрэча знешнепалітычных саветнікаў кіраўнікоў краін нармандскага фармату (Украіна, Расія, Германія і Францыя). Удзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць пытанні бяспекі ў Данбасе і разгортвання паліцэйскай місіі АБСЭ. На парадку дня таксама палітычнае ўрэгуляванне канфлікту і падрыхтоўка да наступных тэлефонных перамоў у нармандскім фармаце, адзначаецца ў паведамленні.

У МЗС Беларусі пакуль "устрымліваюцца ад каментарыяў на гэтую тэму", заявіў БелаПАН прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык.

Нагадаем, усе перамовы па Украіне вядуцца ў закрытым рэжыме.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН