Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/07/01/853825_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:25
01.07.2016 19:14 Палітыка

Савет ААН па правах чалавека ўхваліў прадаўжэнне мандата спецдакладчыка па Беларусі (дапоўнена)

Жэнева, 1 ліпеня. Савет ААН па правах чалавека яшчэ на год працягнуў мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне было прынятае 1 ліпеня на сесіі СПЧ ААН у Жэневе.
За рэзалюцыю аб працягу мандата спецдакладчыка прагаласавалі 15 краін — членаў СПЧ, супраць — 9, устрымаліся — 23.

Выступаючы перад галасаваннем, прадстаўнік Нідэрландаў, якія ўнеслі рэзалюцыю на разгляд СПЧ ад імя Еўрасаюза, адзначыў, што ў дакуменце адлюстраваныя як пазітыўныя крокі, зробленыя Беларуссю, так і праблемныя моманты. У рэзалюцыі, якая грунтуецца на інфармацыі з папярэдніх справаздач спецдакладчыка па Беларусі, падкрэсліваецца, што пасля вызвалення летась палітвязняў іншых станоўчых зменаў у сферы правоў чалавека больш не было. Як прыклад існуючых праблем прадстаўнік Нідэрландаў назваў складанасці з рэгістрацыяй палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, а таксама захаванне смяротнага пакарання ў Беларусі. Акрамя таго, ён заклікаў беларускія ўлады супрацоўнічаць са спецдакладчыкам.

У сваю чаргу прадстаўнік Расійскай Федэрацыі заявіў, што Расія не прызнавала і не прызнае мандат спецыяльнага дакладчыка па Беларусі. "Штучнае нагнятанне напружанасці вакол беларускага сюжэту як сюжэту, які патрабуе спецыяльнай увагі ААН да Беларусі, носіць заказны і палітызаваны характар, — сказаў ён. — ЕС зноў ярка праявіў двайныя стандарты і нежаданне разглядаць праваабарончыя сюжэты на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове. З Беларуссю быў абраны цалкам іншы метад — бесперспектыўны метад абвінавачвання і націску на суверэнную дзяржаву".

Прадстаўнік Расіі таксама заявіў, што прапанаваная рэзалюцыя з'яўляецца "абсалютна непрымальнай спробай умяшання аўтараў рэзалюцыі ў выбарчыя працэсы ў краіне". "Палітычна матываваныя рэзалюцыя і мандат спецдакладчыка дыскрэдытуюць СПЧ. Гэта марнаванне рэсурсаў. Заклікаем усіх галасаваць супраць", — сказаў ён.

У сваю чаргу прадстаўніца Швейцарыі ад імя сваёй краіны, а таксама Аўстраліі, Ісландыі, Нарвегіі, Ліхтэнштэйна, Новай Зеландыі заявіла пра поўную падтрымку прадаўжэння мандата спецдакладчыка па Беларусі. Яна таксама падкрэсліла, што названыя краіны асуджаюць выкарыстанне смяротнага пакарання ў Беларусі. "Перакананыя, што няма месца смяротнаму пакаранню ў цывілізаванай краіне, і хацелі б, каб фармулёўкі ў рэзалюцыі былі больш жорсткімі з нагоды недапушчальнасці гэтага віду пакарання", — сказала яна.

Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэневе Юрый Амбразевіч адзначыў: "На фоне гуманітарных крызісаў, войнаў, тэрарызму і галечы, якія рэальна пагражаюць сучаснаму свету і забіраюць тысячы жыццяў, Беларусь не лічыць, што сітуацыя ў нашай краіне заслугоўвае асаблівай увагі савета. Мы шкадуем, што ААН у чарговы раз робіцца прыхільнікам палітычных рознагалоссяў паміж суседзямі, адзіным рашэннем якіх з'яўляецца двухбаковы дыялог. Мы вядзем такія дыялогі з аўтарамі рэзалюцыі. І зноў выказваем неразуменне іх пазіцыі па вынясенні ў рэзалюцыю пытанняў, якія разглядаюцца ў двухбаковым парадку".

Паводле яго слоў, беларускія дзяржава і грамадства не маюць патрэбы ў саветах спецдакладчыка. "Мы з самага пачатку адкрыта заяўлялі пра гэта. Мы не прымаем аргументы суаўтараў рэзалюцыі і заклікаем членаў савета галасаваць супраць", — сказаў Амбразевіч.

Прадстаўнік Кубы, які ўзяў слова затым, заявіў, што яго краіна выступае супраць прыняцця рэзалюцый па палітычных матывах. "Мы заклікаем Беларусь па-ранейшаму абараняць незалежнасць сваёй краіны і адстойваць права на самавызначэнне. Гэтая рэзалюцыя — прыклад падвойных стандартаў. Не падтрымліваем мандат. Будзем галасаваць супраць", — адзначыў ён.

Прадстаўнік Кітая заявіў, што яго краіна выступае супраць выкарыстання СПЧ як інструмента маніпулявання. "Гэта не вядзе да ўрэгулявання праблем, — адзначыў ён. — Праект гэтай рэзалюцыі ніяк не асвятляе пазітыўныя крокі і прагрэс Беларусі ў галіне правоў чалавека і ўяўляе сабой спробу палітызацыі, падвойных стандартаў і выбіральнасці. Мы будзем галасаваць супраць".

Прадстаўнік Венесуэлы падкрэсліў, што гэтая рэзалюцыя парушае "прынцыпы захавання суверэнітэту і неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы". "Не прызнаем падобныя мандаты, якія закліканыя задаволіць карыслівыя інтарэсы толькі некаторых бакоў. Беларусь цалкам супрацоўнічае з СПЧ і дзеліцца сваімі поспехамі", — сказаў ён.

Прадстаўніца Батсваны сказала, што яе краіна цалкам падтрымлівае дзейнасць спецдакладчыка і рэзалюцыю, грунтуючыся на тым, што "ёсць патрэба ў вырашэнні праблем з правамі чалавека" і спыненні "пакут беларускага народа". У папярэднія гады Батсвана галасавала за рэзалюцыі аб працягу мандата спецдакладчыка, але сёлета ўстрымаецца з-за наяўнасці ў рэзалюцыі пункта аб асуджэнні смяротнага пакарання ў Беларусі і закліку да яе адмены. Як патлумачыла прадстаўніца Батсваны, у яе краіне таксама ўжываецца смяротнае пакаранне і, у выпадку падтрымкі рэзалюцыі з асуджэннем гэтай меры пакарання, у батсванскага боку ёсць асцярогі, што да яго таксама выставяць прэтэнзіі з гэтай нагоды.

Прадстаўнік Мексікі адзначыў, што цяперашняя рэзалюцыя з'яўляецца больш збалансаванай, чым у папярэднія гады, бо ў ёй адзначаецца супрацоўніцтва Беларусі з АБСЕ і ўдзел краіны ў механізмах праваабарончага характару ААН, у тым ліку Універсальным перыядычным аглядзе. "Заклікаем Беларусь працягваць гэтае супрацоўніцтва, — сказаў ён. — Выказваем сваю заклапочанасць у сувязі з праблемамі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку абмежаваннем свабоды слова, дзейнасці праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый, прымяненнем смяротнай кары. Будзем галасаваць за прыняцце рэзалюцыі".

У рэзалюцыі выказаная занепакоенасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, выкарыстання катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі, адсутнасці адказу ўрада па фактах гвалтоўнага знікнення апазіцыйных палітыкаў, беспакаранасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. Таксама выказваецца занепакоенасць у сувязі з парушэннямі правоў працоўных, націскам на праваабаронцаў і адсутнасцю апазіцыі ў парламенце. Акрамя таго, у дакуменце звяртаецца ўвага на факты прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі і недахоп інфармацыі пра колькасць пакараных людзей.

Мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны Саветам па правах чалавека ААН у ліпені 2012 года, а затым штогод прадаўжаўся, нягледзячы на негатыўную рэакцыю беларускіх уладаў. Увесь гэты час афіцыйны Мінск адмаўляецца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам Міклашам Харасці, бо лічыць праблему з правамі чалавека ў Беларусі надуманай.

Напярэдадні адкрыцця цяперашняй сесіі СПЧ беларускія і міжнародныя праваабаронцы заклікалі ААН прадоўжыць мандат спецдакладчыка па Беларусі. Паводле іх ацэнкі, "характар беларускага рэжыму, што знаходзіцца ва ўладзе амаль 22 гады, не змяніўся".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН