Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/07/06/854396_12345/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 06:33
06.07.2016 12:16 Палітыка

Лукашэнка: Без нармалізацыі адносінаў з ЗША мы не будзем мець паўнавартаснай знешняй палітыкі

Мінск, 6 ліпеня. Беларусь жадае нармалізаваць адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі на ўзаемавыгадных умовах, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 6 ліпеня часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Скота Роланда ў сувязі са сканчэннем яго дыпламатычнай місіі ў Мінску.
"Мы ніколі не хавалі таго факта, што без нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі мы не будзем мець паўнавартаснай знешняй палітыкі. Мы не ўтойваем, што вельмі хацелі б нармалізацыі стасункаў з ЗША на ўзаемавыгадных умовах", — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

Беларускі кіраўнік адзначыў паляпшэнне адносін паміж Мінскам і Вашынгтонам у апошні час. "Сказаць, што ў нас усё добра ў адносінах паміж дзяржавамі, напэўна, будзе не зусім выглядаць шчыра нават дыпламатычна. Але таго, што значна лепш, чым было, і што мы рухаемся ў нармальным, правільным кірунку, напэўна, і вы не станеце адмаўляць", — сказаў Лукашэнка. "Пры добрай волі кіраўніцтва Злучаных Штатаў мы вельмі многае можам зрабіць у найбліжэйшай будучыні", — дадаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі ёсць пэўныя абавязацельствы перад краінамі-суседзямі, у тым ліку цеснае супрацоўніцтва з Расіяй і такімі дзяржавамі, як Кітай і Індыя. "Гэта нашы стратэгічныя саюзнікі, партнёры. Мы з імі заключылі адпаведныя дамовы", — падкрэсліў ён.

"Калі прыязджаюць са Злучаных Штатаў бізнесмены і я з імі сустракаюся, абмяркоўваючы інвестыцыйны клімат у Беларусі, я ім кажу: працуйце ў нас у Беларусі па амерыканскіх законах, мы створым вам такое прававое поле. Яны кажуць: не, мы хочам па беларускіх законах. І я ім за гэта ўдзячны, — расказаў Лукашэнка. — Гэта для мяне вельмі моцны рычаг і аснова для размовы з іншымі бізнесменамі. Трэба аддаць належнае, што, сапраўды, амерыканцы — людзі зусім розныя, але гэта шчырыя людзі, якія, бачачы сваю цікавасць, хацелі б сумленна супрацоўнічаць з нашай Беларуссю".

"Я гэта кажу для таго, каб вы разумелі, што ў нас няма забароненых тэм у супрацоўніцтве з вамі, — растлумачыў Лукашэнка дыпламату. — Мы не маем ні перад адной дзяржавай абавязацельстваў, якія б супярэчылі нашаму супрацоўніцтву з ЗША. Нават расіяне нам заўсёды кажуць аб тым, што мець нармальныя адносіны з Заходняй Еўропай і ЗША — гэта абсалютна прымальна і патрэбна".

Скот Роланд з`язджае з Беларусі 8 ліпеня. У якасці часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі ён працаваў з ліпеня 2014 года.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239