Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/07/18/856207_123456/
Дата раздрукоўкі: 19.07.2019 04:36
18.07.2016 20:14 Эканоміка

Грашовыя даходы насельніцтва Беларусі паказалі самае вялікае падзенне з 2015 года

Мінск, 18 ліпеня. Грашовыя даходы насельніцтва Беларусі паказалі самае вялікае падзенне са студзеня 2015 года. Гэта вынікае з даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Беларусі ў студзені—маі 2016 года ў параўнанні са студзенем—маем 2015 года знізіліся на 7%.

Даходы насельніцтва падаюць з пачатку 2015 года: у студзені — на 1,4% у параўнанні з такім жа перыядам 2014 года, у студзені-лютым — на 2,3%, студзені-сакавіку — на 4%, студзені-красавіку — на 4,1%, студзені-маі — на 4,7%, студзені-чэрвені — на 5,3%, студзені-ліпені — на 5,4%, студзені-жніўні — на 5,5%, студзені-верасні і студзені-кастрычніку — на 5,6%, студзені-лістападзе — на 5,5%, у студзені-снежні — на 5,9%. У студзені 2016 года зніжэнне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені-лютым — 6,4%, студзені-сакавіку — на 6,5%, студзені-красавіку — на 6,8%.

На думку экспертаў, рост даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах будзе вельмі сціплым. "У гэтай пяцігодцы можна разлічваць на вельмі сціплы рост даходаў насельніцтва пры адсутнасці эканамічных рэформ. І нават калі яны адбудуцца, эфект мы адчуем няхутка, так што і ў гэтым выпадку прарываў у частцы павелічэння даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах чакаць не варта", — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

"У 2016—2020 гадах мяркуецца, што эканоміка будзе расці на лічаныя працэнты. Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць даходы насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы сёння (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і знешніх даўгах) няма", — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Між тым Мінэканомікі чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года знізіліся на 1,5% да адпаведнага перыяду 2015 года, а ў першым паўгоддзі будуць на леташнім узроўні. Пры гэтым па выніках дзевяці месяцаў вырастуць на 0,1%, па выніках 2016 года года вырастуць на 0,5%.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН