Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/07/25/857095_857096/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:21
25.07.2016 10:19 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк плануе адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі

Мінск, 25 ліпеня. Нацыянальны банк мае намер адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі ў краіне. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэта прадугледжвае распрацаваны рэгулятарам праект Стратэгіі развіцця фінансавага рынку на 2016—2020 гады.
Згодна з планамі Нацбанка, у гэтай пяцігодцы нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі будзе зніжацца паэтапна, пасля чаго фінансавыя ўлады маюць намер цалкам адмяніць інстытут абавязковага продажу валютнай выручкі.

Акрамя таго, рэгулятар збіраецца адмяніць існуючыя абмежаванні на мэтавае набыццё замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку.

Нагадаем, згодна з дзейным заканадаўствам у Беларусі ўстаноўлены мэтавы характар набыцця валюты — суб'екты гаспадарання могуць яе набыць толькі для пагашэння наяўных абавязацельстваў у замежнай валюце. Дзейнічае таксама абавязковы продаж валютнай выручкі — 30% атрыманай выручкі экспарцёры абавязаныя прадаваць на біржы.

Як адзначаюць банкіры, абавязковы продаж замежнай валюты гарантуе дзяржаве мінімальны аб'ём прапановы замежнай валюты, а мэтавая купля замежнай валюты абмяжоўвае попыт на яе.

Абодва гэтыя інструменты, на думку ўдзельнікаў фінансавага рынку, для дзяржавы важныя ў перыяды росту дэвальвацыйных чаканняў, калі прадпрыемствы і насельніцтва пачынаюць прытрымліваць замежную валюту і схільныя масава яе скупляць.

"Абавязковы продаж валюты і яе мэтавая купля — страховачныя механізмы, якія ўводзіліся на выпадак узнікнення напружанай атмасферы ў эканоміцы. На валютным рынку і ў плацежным балансе павінна складвацца спрыяльная сітуацыя, каб такія механізмы былі адменены", — адзначыў у каментарыі БелаПАН прадстаўнік банкаўскіх колаў.

Эксперты нагадваюць, што на рубяжы 2014—2015 гадоў, калі ў Беларусі назіраўся валютны крызіс і дэфіцыт замежнай валюты, улады спачатку павялічылі нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі з 30% да 50%, а затым, па меры стабілізацыі сітуацыі ў 2015-м, вярнулі нарматыў да 30%.

Сёння, лічаць беларускія эканамісты, перадумоў для ўзнікнення напружанай сітуацыі на валютным рынку менш, чым у мінулыя гады, таму паэтапнае зніжэнне нарматыву абавязковага продажу валютнай выручкі магчыма.

"Цяпер курс беларускага рубля плавае, а не фіксаваны, як у мінулыя гады. Адпаведна націск на валютным рынку не назапашваецца, і з гэтага пункту гледжання магчымасцяў для зніжэння нарматыву абавязковага продажу валютнай выручкі больш", — мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра ( BEROC) Дзмітрый Крук.

Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што прагназаваць сітуацыю даволі складана, паколькі існуюць рызыкі, звязаныя з праблемамі ў рэальным і банкаўскім сектары, якія тэарэтычна могуць прывесці да праблем на валютным рынку. Эксперты мяркуюць, што ў такой сітуацыі грашовыя ўлады будуць паэтапна зніжаць нарматыў абавязковага продажу валютнай выручкі.

Нагадаем, у 2015 годзе Беларусь узяла на сябе абавязацельствы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза адмяніць да 1 студзені 2017-га абавязковы продаж валютнай выручкі. Аднак вясной гэтага года Нацбанк заявіў, што на працягу года плануе знізіць толькі нарматыў абавязковага продажу — з дзейных 30% да 20%.

"Калі перадумовы для шокаў будуць, абавязковы продаж валютнай выручкі з'яўляецца досыць важным інструментам для ўладаў, які дазваляе падтрымліваць пэўны аб'ём прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку. Адпаведна першачарговая задача эканамічнай палітыкі якраз і павінна выражацца ў выключэнні перадумоў для ўзнікнення такіх шокаў", — падкрэсліў Дзмітрый Крук.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН