Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/07/25/857143_412596/
Дата раздрукоўкі: 23.08.2019 12:39
25.07.2016 13:44 Культура

Аляксандр Лукашэнка падпісаў Кодэкс аб культуры

Мінск, 25 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка падпісаў прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Адзначаецца, што Кодэкс аб культуры распрацаваны ўпершыню і "не мае аналагаў на постсавецкай прасторы". Ён грунтуецца на дзейных нормах законаў аб культуры, бібліятэчнай справе, народным мастацтве і народных промыслах, творчых саюзах і творчых работніках, кінематаграфіі, музеях і музейным фондзе, ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Кодэкс прадугледжвае стварэнне на базе існых прававых інстытутаў адзінага механізма рэгулявання адносін у сферы культуры і адначасовае ўхіленне наяўных недахопаў прававога рэгулявання ў гэтай сферы, забяспечвае скарачэнне прававых актаў па пытаннях культуры і іх ўпарадкаванне.

"У мэтах захавання культурных каштоўнасцяў, развіцця арганізацый культуры і забеспячэння агульнадаступнасці культурных даброт кодэксам ўсталёўваюцца прававыя, арганізацыйныя, эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнай дзейнасці і рэгулююцца праваадносіны ў наступных сферах: захаванне і развіццё культурных каштоўнасцяў, ахова гісторыка-культурнай і археалагічнага спадчыны; бібліятэчная і музейная справа; кінематаграфічная дзейнасць; народныя мастацкія рамёствы, дзейнасць калектываў мастацкай самадзейнасці; правядзенне культурных мерапрыемстваў, арганізацыя культурнага адпачынку насельніцтва; заахвочвання ў сферы культуры", — адзначае прэс-служба.

Як паведамлялася раней, кодэкс складаецца з агульнай і спецыяльнай частак, пяці раздзелаў і 257 артыкулаў. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама павялічвае ролю грамадскасці ў вырашэнні пытанняў культуры. У прыватнасці прадугледжанае стварэнне пры дзяржорганах грамадскіх назіральных камісій па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, грамадскіх саветаў, камісій і іншых кансультацыйных органаў і экспертных фарміраванняў па пытаннях культуры.

Спонсары і мецэнаты культуры ў адпаведнасці з кодэксам уключаныя ў кола суб'ектаў культурнай дзейнасці. Творчым саюзам даюцца правы ажыццяўляць без стварэння камерцыйных арганізацый і ўдзелу ў іх дзейнасць па вытворчасці фільмаў і тэлевізійных праграм, творчую дзейнасць і забавы, а таксама дзейнасць па рэалізацыі адукацыйнай праграмы навучальных курсаў і адукацыйнай праграмы ўдасканалення магчымасцяў і здольнасцяў асобы.

Дакументам замацаваная абавязковасць перадачы ў дзяржуласнасць прафесійна і выпадкова знойдзеных археалагічных артэфактаў. Кодэкс ўтрымлівае забарону грамадзянскага абароту археалагічных артэфактаў на тэрыторыі Беларусі, за выключэннем іх набыцця, продажу, дарэння, мены дзяржаўнымі музеямі і навуковымі арганізацыямі.

Акрамя таго, спрашчаецца парадак прыняцця некаторых кіраўніцкіх рашэнняў пры ажыццяўленні музейнай, бібліятэчнай дзейнасці і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН