Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/08/01/858237_456321/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 07:20
01.08.2016 22:04 Эканоміка, Грамадства

Мантаж корпуса рэактара Беларускай АЭС прыпынены

Мінск, 1 жніўня. Зараз мантаж корпуса рэактара Беларускай АЭС прыпынены, астатнія работы вядуцца ў штатным рэжыме, паведаміў журналістам 1 жніўня намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.
Паводле яго слоў, рашэнне аб прыпыненні мантажу корпуса прынятае замоўцам і органам рэгулявання адразу пасля няштатнай сітуацыі.

Гаворачы пра далейшае развіццё падзей, Міхадзюк праінфармаваў: "Магчымыя толькі два сцэнарыі: альбо выкарыстанне гэтага корпуса, але пры пацвярджэнні бяспекі матэрыялаў, альбо яго замена. Іншых варыянтаў не можа быць. Аднак зараз слова за спецыялістамі. Мы ў першую чаргу кіруемся неабходнасцю безумоўнай арганізацыі бяспекі АЭС".

У гэты час сітуацыю з корпусам рэактара вывучаюць генеральны канструктар ядзернай устаноўкі АКБ "Гідрапрэс", галоўная матэрыялазнаўчая арганізацыя "Расатама" ЦНДІмаш, генеральны праекціроўшчык "НІАЭП", генпадрадчык "Атамстройэкспарт". Матэрыялы перададзеныя замоўцу — РУП "Беларуская АЭС". Пасля вывучэння яны будуць накіраваныя органу рэгулявання — Дзяржатамнагляду.

"Для нас вельмі важна ўлічваць, што корпус рэактара — гэта адказны элемент ядзернай устаноўкі. Сёння трэба разабрацца, што адбылося, і галоўнае — якія наступствы гэтай няштатнай сітуацыі. Мы разбіраемся, ці было гэта дакрананне, удар, які стан металу", — цытуе Міхадзюка дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Генпадрадчык адзначае, што пашкоджаная афарбоўка корпуса рэактара. Трэба сказаць, што ёсць сляды ад строп. Але мы запатрабавалі больш глыбокі аналіз стану металу і корпуса рэактара. Такія экспертызы расійскім бокам праведзеныя, матэрыялы паводле іх вынікаў нам перададзеныя, але патрэбен час, каб разабрацца і вынесці канчатковы вердыкт", — дадаў ён.

Намеснік міністра энергетыкі запэўніў, што з вынікамі расследавання будзе азнаёмленая грамадскасць.

Міхадзюк таксама заявіў, што Беларусь пры будаўніцтве АЭС адкрытая для міжнародных экспертаў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН