Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/08/20/860839_123698/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 05:15
20.08.2016 15:56 Палітыка, Грамадства

Газета "Астравецкая праўда" адмовілася публікаваць перадвыбарную праграму Мікалая Уласевіча

Мінск, 20 жніўня. Газета "Астравецкая праўда" адмовілася публікаваць перадвыбарную праграму кандыдата ў дэпутаты ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Уласевіча, які балатуецца па Смаргонскай акрузе № 59 (Гродзенская вобласць).

Як паведамляе прэтэндэнт у дэпутаты на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку", у рэдакцыі газеты палічылі, што яго перадвыбарная праграма не адпавядае патрабаванням, выкладзеным у ч. 1 арт. 47 і ч. 1 арт. 75 Выбарчага кодэкса. Гэтыя артыкулы усталёўваюць, што перадвыбарная праграма не павінна ўтрымліваць "прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія падахвочваюць або якія маюць на мэце заахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты".

Тэкст перадвыбарнай праграмы Уласевіч апублікаваў у "Фэйсбуку". У ёй ён называе сябе "перакананым праціўнікам будаўніцтва АЭС", які з моманту прыняцця рашэння аб яе будаўніцтве ў Беларусі "назваў гэтую задуму злачыннай". Згадваючы інцыдэнт з падзеннем корпуса рэактара, Уласевіч заклікае "неадкладна спыніць" будаўніцтва станцыі.

У сваёй праграме Уласевіч таксама кажа аб карупцыі, якая ў Беларусі "добра арганізаваная і кіруецца з аднаго цэнтра". Пры гэтым у якасці прыкладу ён прыводзіць інфармацыю пра другога кандыдата ў дэпутаты — старшыню Астравецкага райвыканкама Адама Кавалько, у дачыненні да якога нібыта маюцца "адмоўныя матэрыялы" праверкі праваахоўнікаў па раскрыцці эканамічных злачынстваў.

Уласевіч лічыць, што ён не парушаў нормаў Выбарчага кодэкса, які не прадугледжвае цэнзуры праграм кандыдатаў у дэпутаты. Адпаведны зварот з патрабаваннем апублікаваць яго праграму кандыдат накіраваў у Цэнтрвыбаркам.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239