Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/08/24/861437_569874/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 04:28
24.08.2016 16:40 Эканоміка

Рэальная зарплата ў Беларусі знізілася больш як на 5%

Мінск, 24 жніўня. Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у ліпені 2016 года ў параўнанні з ліпенем 2015 года зменшылася на 5,3%.
Зніжэнне рэальнай зарплаты ў гадавым вымярэнні назіраецца ўжо больш за паўтара года. У студзені 2016 года яна скарацілася на 2,6%, у лютым — на 4,6%, сакавіку — на 3,2%, красавіку — на 3,8%, маі — на 4,6%, чэрвені — на 4,5%.

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў ліпені 2016 года склала 745,8 дэнамінаванага рубля.

Максімальная сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў была ў Мінску — 1.037,2 рубля, мінімальная — у Магілёўскай вобласці (638,5). У Брэсцкай вобласці сярэдняя зарплата склала 644,5 рубля, у Гомельскай — 669,7, Гродзенскай — 640,3, Мінскай — 754,3, Віцебскай — 639,3.

Самую вялікую зарплату па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у ліпені гэтага года — 3.426,6 рубля. Самую маленькую зарплату таксама па-ранейшаму атрымліваюць сацыяльныя работнікі — у ліпені яна склала 425,7 рубля. Такім чынам, у ліпені ў IT-спецыялістаў сярэдняя зарплата была у 8 разоў большая, чым у сацыяльных работнікаў.

У катэгорыю найбольш высокааплатных уваходзяць: работнікі паветранага транспарту — іх сярэдняя зарплата ў ліпені склала 2.132,2 рубля (у тым ліку пасажырскага транспарту — 2.243,9); хімічнай прамысловасці — 1.249; горназдабыўной — 1.197; нафтаперапрацоўкі — 1.203,9; фінансісты і страхоўшчыкі — 1.255,6; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны — 1.201,9; архітэктары, бухгалтары і юрысты — 1.109,7; аптавікі — 1.001,5 рубля.

Мінімальная зарплата ў работнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў (428,3 рубля), творчых работнікаў (471,9).

Сярэдняя ліпеньская зарплата работнікаў транспартнай сферы склала 848,7 рубля, прамысловасці — 790,9, будаўніцтва — 795,3, рознічнага гандлю — 653,5, аховы здароўя — 615,8, лёгкай прамысловасці — 568,3, адукацыі — 510, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак — 549,2 рубля.

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук раней выказваў БелаПАН меркаванне, што да канца 2016 года сярэдняя зарплата беларусаў можа знізіцца да 200 долараў у эквіваленце. "Год будзе такім складаным, што, я думаю, найгоршым сцэнарыем стане скарачэнне зарплаты да 200 долараў у эквіваленце з улікам курсавых тэндэнцый, рэзкага зніжэння даходаў ад нафты і нафтапрадуктаў, таго, што частка прадпрымальнікаў можа застацца без працы", — адзначыў ён.

Згодна з прагнозам Мінэканомікі, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў у снежні 2016 года павінна вырасці на 14% адносна снежня 2015 года — да 884,1 рубля.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239