Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/08/25/861449_214587/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 06:51
25.08.2016 07:05 Грамадства, Палітыка

25 гадоў таму Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР набыла статус канстытуцыйнага закона

Мінск, 25 жніўня. Роўна чвэрць стагоддзя таму, у жніўні 1991 года, Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі набыла статус канстытуцыйнага закона.

Дэкларацыя, якая абвясціла вяршэнства беларускай Канстытуцыі на тэрыторыі БССР, была прынятая Вярхоўным Саветам годам раней, 27 ліпеня 1990-га. За яе прагаласавалі 229 дэпутатаў з 232, якія зарэгістраваліся, трое — устрымаліся.

Статус закона дакумент атрымаў 25 жніўня 1991 года праз тры дні пасля правалу путчу ГКЧП у Маскве. Тады ж на тэрыторыі рэспублікі была спыненая дзейнасць Кампартыі. 19 верасня таго ж года ў сувязі з перайменаваннем БССР у Рэспубліку Беларусь у назву і тэкст дэкларацыі былі ўнесеныя адпаведныя змены, а 15 сакавіка 1994-га ў развіццё палажэнняў дэкларацыі была прынятая новая Канстытуцыя.

Сёння ў Мінску прадстаўнікі апазіцыі плануюць адзначыць 25-годдзе ўваходжання дэкларацыі ў сілу святочнымі мерапрыемствамі. Так, актывісты міжнароднага грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва" (зарэгістраванае ў Латвіі) збіраюцца раздаваць у цэнтры сталіцы сцяжкі з нацыянальнай сімволікай.

Прадстаўнікі яшчэ адной міжнароднай грамадскай арганізацыі — зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" — плануюць сабрацца ў 18.00 каля помніка Янку Купалу на "Купалаўскія чытанні".

На пляцоўцы каля Камароўскага рынку кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў правядуць пікет у гонар падзей 25-гадовай даўніны.

Кандыдаты ад Партыі БНФ будуць сустракацца з выбаршчыкамі ўвечары каля Палаца спорту. Да іх маюць намер далучыцца актывісты руху салідарнасці "Разам".

Прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ правядуць у Мінскім міжнародным цэнтры святочны вечар. На яго запрошаныя "дэпутаты незалежнасці" — тыя, хто працаваў у складзе парламента, які прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН