Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/08/25/861671_123654/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 04:21
25.08.2016 20:06 Грамадства

У Мінску адсвяткавалі 25-годдзе ўваходжання ў сілу Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі

Мінск, 25 жніўня. Святочная акцыя з нагоды 25-годдзя ўваходжання ў сілу Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі прайшла ў цэнтры Мінска. БелаПАН вёў анлайн-трансляцыю з месца падзей.
Яе ініцыятарам выступіла міжнароднае грамадскае аб`яднанне "Малады фронт" (зарэгістраванае ў Чэхіі).

Акцыя пачалася з "Купалаўскіх чытанняў" у скверы імя Янкі Купалы ля помніка паэту. "Народны паэт Беларусі Янка Купала — гэта той паэт і адначасова грамадска-палітычны лідар, без якога немагчыма ўявіць Беларусь, — растлумачылі прадстаўнікі "Маладога фронту" фармат мерапрыемства. — Не будзе перабольшаннем сказаць, што без Купалы не было б і Беларусі. Яго нацыянальна-рэвалюцыйная лірыка, драматургія і публіцыстыка — гэта тое, што стагоддзе назад сцвердзіла беларусаў у свеце і падняло беларускі народ на барацьбу за сваю дзяржаву".

Пасля чытанняў арганізатары акцыі плануюць святочнае шэсце па праспекце Незалежнасці.

У скверы шмат людзей у цывільным, некаторыя з іх вядуць відэаздымку. Працуюць таксама назіральнікі БДІПЧ АБСЕ.

Тут жа, недалёка ад помніка, за паўгадзіны да пачатку чытанняў з`явіўся агітацыйны пікет з дзяржаўнай сімволікай ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спявачкі Ірыны Дарафеевай. Яго ўдзельнікі раздаюць прахожым агітацыйныя ўлёткі.

17.50 Да помніка Янку Купалу прыйшоў актывіст "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч з малалетняй дачкой. Звярнуўшыся да выкладчыка ўніверсітэта культуры, якая ўдзельнічае ў пікеце ў падтрымку выбрання дэпутатам спявачкі Ірыны Дарафеевай, Дашкевіч сказаў пікетчыкам, што яны падтрымліваюць праўладнага кандыдата. "Дваццаць два гады пры ўладзе — вам сорамна павінна быць!" — сказаў Дашкевіч. "Пры чым тут улада?" — парыравала пікетчыца. Пазней, калі Дашкевіч адышоў, выкладчык казала іншым ўдзельнікам пікета, што апазіцыя залішне абагульняе іх прыналежнасць да ўлады і наўмысна правакуе канфлікт.

18.10 Акцыя пакуль не пачалася. На пляцоўцы ля помніка некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч і Алесь Лагвінец, а таксама паэт Славамір Адамовіч. Ён узначальвае журы, якое павінна вызначыць пераможцаў чытанняў.

18.20 У каментарыі БелаПАН Зміцер Дашкевіч заявіў, што чакае ўбачыць на акцыі некалькі дзесяткаў чалавек. "Святочныя акцыі, якія мы праводзілі і якія былі прымеркаваныя да незалежнасці Беларусі, падтрымкі бел-чырвона-белага сцяга, герба "Пагоня", праходзілі пры ўдзеле некалькіх дзесяткаў чалавек, але былі вельмі пазітыўнымі. Калі ўзнімаюцца сцягі над праспектам — гэта вельмі натхняе. Такім святочным шэсцем мы і вырашылі адзначыць гэтую слаўную дату ў нашай гісторыі, калі 25 гадоў таму была забароненая кампартыя і дэкларацыі аб незалежнасці была нададзеная канстытуцыйная сіла", — сказаў Дашкевіч.

Лідар "Маладога фронту" дадаў: свята вырашана было пачаць з "Купалаўскіх чытанняў", бо без Янкі Купалы — паэта, мысляра і прарока — немагчыма ўявіць Беларусь. "Яго літаратурная дзейнасць, драматургія, лірыка і публіцыстыка сцвердзілі Беларусь у свеце і сталі штуршком для нацыянальнага вызвольнага руху", — сказаў актывіст.

18.25 Дашкевіч абвясціў пачатак "святочнага мерапрыемства ў гонар 25-годдзя незалежнасці Беларусі". "Мы бачым, што і адшчапенцы некаторыя тут падцягваюцца, — сказаў ён, паказаўшы ў бок пікета Дарафеевай. — І гэта добра. Няхай глядзяць на сапраўдных патрыётаў, якія размаўляюць па-беларуску, якія 25 гадоў таму і сёння выступаюць за незалежнасць", — сказаў Дашкевіч.

Ён абвясціў чытанні вершаў Янкі Купалы адкрытымі. Усе ахвотныя могуць выходзіць да помніка і дэкламаваць вершы.

На гэты момант у акцыі ўдзельнічаюць прыблізна 40 чалавек, лунаюць больш за 20 бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў "Маладога фронту".

Тым часам агітацыйны пікет Дарафеевай працягваецца непадалёк. Яго абступілі сілавікі ў цывільным і актыўна гутараць з удзельнікамі.

Міліцыянеры ў форме пачалі падыходзіць да тых ўдзельнікаў "Купалаўскіх чытанняў", якія трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, і складаюць у іх дачыненні адміністрацыйныя пратаколы.

18.35 Удзельнікамі чытанняў сталі восем чалавек, у тым ліку Зміцер Дашкевіч. Славамір Адамовіч выбраў трох пераможцаў гэтага імправізаванага конкурсу, сярод якіх 10-гадовы хлопчык. Усе трое атрымалі ў падарунак кнігі Адамовіча. Астатнім удзельнікам конкурсу Дашкевіч падарыў кнігі пісьменніка Уладзіміра Арлова і майкі з надпісам "Тактычная група "Беларусь" (група тых, хто ваююць у зоне АТА на баку Украіны).

Тым часам удзельнікамі літаратурных чытанняў, якія дэкламавалі вершы, зацікавіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны спрабуюць высветліць іх пашпартныя звесткі і папярэджваюць, што тыя ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Як заявіў аднаму з выступоўцаў старшы лейтэнант міліцыі, "чытанне вершаў Янкі Купалы не санкцыянаванае Мінгарвыканкамам".

18.45 Пачалося шэсце па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Незалежнасці. У ім удзельнічаюць прыблізна 70 чалавек. Большасць з іх абазначаныя бел-чырвона-белымі сцягамі. На чале калоны хлопчык Багдан, які стаў пераможцам конкурсу чытальнікаў. Грамадскі актывіст Максім Вінярскі нясе плакат з партрэтам затрыманага блогера Эдуарда Пальчыса. Час ад часу ўдзельнікі скандуюць "Жыве, Беларусь!".

19.00 Калона дэманстрантаў дайшла да ГУМа. Пакуль шэсце праходзіць без эксцэсаў. На ўсім працягу калону суправаджаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, у канцы калоны — камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба. Побач з дэманстрантамі па праспекце Незалежнасці едуць некалькі аўтобусаў з зацемненымі шыбамі. Супрацоўнікі ДАІ рэгулююць рух на пешаходных пераходах, не замінаючы руху ўдзельнікаў шэсця. Тыя скандуюць лозунгі "Жыве Беларусь!", "Верым, можам, пераможам!" і тлумачаць прахожым, чым выдатны сённяшні дзень.

19.10 Дэманстранты дайшлі да плошчы Незалежнасці. Каля Чырвонага касцёла сабралася прыблізна 60 чалавек. Дашкевіч заявіў: "Думаю, гадоў шэсць мы не падбіраліся так блізка да гэтага ідала (помнік Леніну на плошчы. — БелаПАН.), таму мы ідзем да яго".

19.20 Ля помніка Леніну Дашкевіч заявіў, што 25 гадоў таму дзясяткі тысяч людзей выйшлі на гэтую плошчу супраць ГКЧП і кампартыі. "Калі б не гэтыя самаадданыя людзі, невядома, ці жылі б мы ў незалежнай краіне. Таму сёння мы прайшлі гэтым святочным шэсцем", — сказаў ён. Пасля гэтага Дашкевіч прапанаваў прысутным працягнуць святкаванне ў гарадскіх кафэ.

19.25 Пяцёра невядомых маладых людзей у байках з нацягнутымі на галовы капюшонамі закідалі ўдзельнікаў шэсця яйкамі і пабеглі ў бок вуліцы Мяснікова. За імі пагналіся некалькі ўдзельнікаў акцыі, у тым ліку Дашкевіч, а затым туды ж рушыў мікрааўтобус з супрацоўнікамі міліцыі.

Дэманстранты пачалі разыходзіцца.

19.49 На плошчы застаюцца некалькі ўдзельнікаў шэсця і шматлікія супрацоўнікі міліцыі. Вярнуўся Зміцер Дашкевіч. Ён паведаміў журналістам, што дэманстранты амаль дагналі правакатараў, якія кідалі яйкі ва ўдзельнікаў акцыі, але ім перашкодзілі супрацоўнікі міліцыі.

20.00 Апошнія ўдзельнікі акцыі, у тым ліку Дашкевіч з дачкой, пайшлі з плошчы.

Дэкларацыя, што абвясціла вяршэнства беларускай Канстытуцыі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, была прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года, але статус канстытуцыйнага закона набыла 25 жніўня 1991-га, праз тры дні пасля правалу путчу ГКЧП у Маскве.

19 верасня таго ж года ў сувязі з перайменаваннем БССР у Рэспубліку Беларусь у назву і тэкст дэкларацыі былі ўнесеныя адпаведныя змены, а 15 сакавіка 1994-го ў развіццё палажэнняў дэкларацыі была прынятая новая Канстытуцыя.
Аляксей Аляксандраў, Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239