Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/08/26/861828_456987/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:10
26.08.2016 14:24 Палітыка

Украіна заклікае Беларусь ігнараваць мясцовыя выбары на Данбасе і выбары ў Дзярждуму ў Крыме (дапоўнена)

Мінск, 26 жніўня. Украіна заклікае беларускі бок у выпадку правядзення мясцовых выбараў на Данбасе праігнараваць іх, а таксама выбары ў Дзярждуму Расіі на тэрыторыі Крыма, не накіроўваць назіральнікаў. Пра гэта заявіла журналістам у Мінску 26 жніўня першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады, прадстаўнік Украіны ў гуманітарнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Ірына Герашчанка.
"Хачу звярнуцца да нашых беларускіх калег з просьбай устрымацца ад любых спробаў, ад, магчыма, нейкіх настойлівых запрашэнняў Расійскай Федэрацыі ўзяць удзел як назіральнікаў у выбарах на акупаваных, анексаваных украінскіх тэрыторыях", — сказала Герашчанка.

"Мы ведаем, што ў верасні ў Расійскай Федэрацыі праходзяць выбары ў Дзяржаўную думу. І украінскі бок апелюе да ўсіх нашых міжнародных партнёраў, да ўсіх нашых суседзяў з просьбай устрымацца ад таго, каб накіроўваць сваіх назіральнікаў на анексаваныя тэрыторыі", — дапоўніла першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады.

Украіна не прызнае выбары, якія адбываюцца "на адкушанай, выкрадзенай зямлі", падкрэсліла Герашчанка.

У Расіі 18 верасня пройдзе адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Дзярждумы, кіраўнікоў суб'ектаў федэрацыі, а таксама дэпутатаў мясцовых органаў улады. Тэрміны правядзення мясцовых выбараў на Данбасе неаднаразова пераносіліся, умовы і мадальнасці іх правядзення пастаянна абмяркоўваюцца ў Мінску на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы па Украіне.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН