Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/08/31/862397_145236/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:21
31.08.2016 11:26 Грамадства

Беларускія праекты Паўла Шарамета маюць пэўныя праблемы, але працуюць у ранейшым рэжыме

Мінск, 31 жніўня. Беларускія праекты Паўла Шарамета — сайты "Беларускі партызан" і "Гістарычная праўда" — маюць пэўныя праблемы, але працуюць у ранейшым рэжыме, паведамілі БелаПАН іх супрацоўнікі.

Рэдакцыя "Беларускага партызана" працуе ў тым жа складзе і ў тым жа рэжыме, што і да смерці Шарамета, ніхто з супрацоўнікаў не пайшоў з праекта. "Людзі гатовыя працаваць бясплатна нейкі час. Паглядзім, што далей будзе", — сказаў БелаПАН прадстаўнік рэдакцыі.

Паводле слоў суразмоўцы, адна з найважнейшых праблем, якую трэба вырашыць найбліжэйшым часам, — фінансавая. "Калі яна будзе вырашаная, то праект і надалей будзе жыць", — адзначыў суразмоўца.

Акрамя таго, неабходна вырашыць пытанне з перадачай ў спадчыну праекта. "Наколькі я ведаю, жонка Паўла не будзе займацца сайтам і гатовая перадаць яго іншым", — дадаў прадстаўнік рэдакцыі.

Журналістка Святлана Калінкіна, якая доўгі час працавала з Шараметам і была яго сябрам, не здолела сказаць нічога пэўнага пра будучыню "Беларускага партызана". Яна толькі пацвердзіла, што на гэты момант рэдакцыя працуе ў ранейшым рэжыме, але адзначыла, што шматлікімі пытаннямі, якія тычацца функцыянавання і фінансавання праекта, раней займаўся толькі Шарамет, таму рэдакцыі бракуе некаторай інфармацыі.

Што да сайта "Гістарычная праўда", то ён недаступны ў сувязі мінулым тэрмінам рэгістрацыі дамена, прадаўжэннем якога займаўся Шарамет, але ў пачатку верасня плануе аднавіць працу, паведаміў БелаПАН сузаснавальнік праекта гісторык Ігар Мельнікаў.

Паводле яго слоў, у праекта ёсць дзве версіі — беларуская, якой у адзіночку займаецца Мельнікаў, і расійская, над якой працуюць калегі Шарамета ў Расіі. Праект збіраў да 100 тысяч унікальных наведвальнікаў у дзень, і менш за 50 тысяч гэты паказчык ніколі не апускаўся, адзначыў сузаснавальнік. "Прычым беларускую старонку стала наведваць больш людзей, чым рускую", — дадаў ён.

Як адзначыў Мельнікаў, у аўдыторыі ёсць патрэба ў рэсурсе, таму сайт працягне працу, хоць некаторыя змены ўсё ж адбудуцца, галоўная з іх — больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы на беларускай старонцы.

Паводле слоў гісторыка, зараз ён працуе над сайтам на грамадскіх пачатках і працягне гэтак жа. "Паглядзім, можа, знойдзецца нейкі фундатар, але цяпер большасць маіх праектаў — кнігі, выставы — робяцца на грамадскіх пачатках пры дапамозе неабыякавых людзей", — сказаў Мельнікаў.

Апошнія тры гады Павел Шарамет не ўмешваўся ў працу беларускай версіі сайта, адзначыў Мельнікаў. "Безумоўна, яго роля ў праекце была значная, таму што ў пачатку ён падказваў, як трэба рабіць матэрыялы, як іх афармляць, нават у тэхнічных момантах, але хутка гэта стала не патрэбным. Трэба было рабіць, напаўняць сайт", — сказаў ён.

Саракачатырохгадовы беларускі журналіст Павел Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня ў выніку падрыву машыны. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала ўзрыўчатка магутнасцю 400-600 г у тратылавым эквіваленце. Нацыянальная паліцыя Украіны распачала па факце гібелі журналіста крымінальную справу на падставе артыкула "Наўмыснае забойства". Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады.

Следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя адносіны з загінулым; прафесійная дзейнасць; дэстабілізацыя становішча ў Кіеве; памылка (машына, у якой быў узарваны Шарамет, належала уладальніцы газеты "Украинская правда" Алёне Прытуле). 29 жніўня саветнік кіраўніка МУС Украіны Іван Стойка паведаміў, што найбліжэйшым часам паліцыя апублікуе некаторыя дэталі справы аб забойстве журналіста.

Павел Шарамет пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам.
Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН