Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/09/08/863702_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:25
08.09.2016 09:30 Палітыка

Раман Бяссмертны: Напярэдадні сустрэч трохбаковай кантактнай групы Расія інструктавала ДНР і ЛНР

Мінск, 8 верасня. Напярэдадні сустрэч трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Расія інструктаваў так званыя ДНР і ЛНР. Пра гэта заявіў 7 верасня ў эфіры праграмы "Вялікае інтэрв`ю" з Яўгенам Кісялёвым (тэлеканал NewsOne, Кіеў) былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны, які таксама быў прадстаўніком Украіны ў палітычнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы.

"Падчас перамоваў Расія пастаянна настойвала, каб пасля Украіны гаварылі прадстаўнікі ДНР, ЛНР. Таму нам тры разы запар даводзілася выслухоўваць адно і тое ж. Калі я ў чарговы раз заклікаў іх узгадняць тэкст, яны пачалі па частках агучваць адзін і той жа тэкст. Часам гэта было не ў дыпламатычным фармаце, так званая сабачая лаянка... " — расказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, аднойчы прадстаўнікі ўкраінскага боку ў палітычнай падгрупе спазніліся на сустрэчу. "Калі мы зайшлі ў пакой, то пачулі, што там адбываўся інструктаж: Грызлоў (Барыс Грызлоў, прадстаўнік Расіі ў кантактнай групе. — БелаПАН.) і прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі ў палітычнай падгрупе інструктавалі прадстаўнікоў Данецка і Луганска, што трэба расказваць украінцам. Гэта быў факт пацвярджэння таго, што казалі паводле сцэнарыя", — зазначыў Бяссмертны.

Ён нагадаў, што "мінскія перамовы стартавалі практычна два гады таму, рашэнне аб такім фармаце было прынятае "нармандскай чацвёркай" (Украіна, Расія, Германія і Францыя). Бяссмертны таксама нагадаў, што падчас першага пасяджэння кантактнай групы бакі дамовіліся пра падпісанне мемарандума і гатоўнасць працаваць над дакументам.

"Тады бакі перамоваў заявілі, што гатовыя працаваць над гэтым тэкстам, які, між іншым, абмяркоўваў Савет бяспекі ААН", — сказаў дыпламат. Пад мемарандумам тады падпісаліся прадстаўнік Украіны Леанід Кучма, прадстаўнік Расіі Міхаіл Зурабаў і "нейкія грамадзяне Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі". "Аднак гэтыя подпісы з юрыдычнага пункту гледжання не даюць ніякай легітымнасці гэтаму дакументу. Ніякія ДНР і ЛНР у дакументах не фігуруюць", — падкрэсліў Бяссмертны, дадаўшы, што трохбаковая кантактная група — гэта Украіна, Расія і АБСЕ ў якасці пасрэдніка.

"Літаральна праз дзве сустрэчы я зразумеў, што ўсюды адно і тое ж, усе разглядаюць адны і тыя ж праблемы, хоць заданне "нармандскай чацвёркі" — паставіць мэту, міністраў у гэтым жа фармаце — сфармаваць задачу, а заданне кантактнай групы — прыняць рашэнне і знайсці адказы на гэтыя задачы. Ну і падгрупы — гэта лабараторыі ідэй", — сказаў Бяссмертны.

У той жа час ён назваў мінскі працэс па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне "балансаваннем на мяжы". "Менавіта ад гэтага працэсу залежыць, ці будзе выкананае заданне па недапушчэнні Трэцяй сусветнай вайны", — заявіў украінскі дыпламат.

Як раней паведамляў БелаПАН, чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны прайшоў у Мінску 7 верасня. Па выніках пасяджэння трохбаковай кантактнай групы спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў, што па пытанні развядзення сіл і сродкаў ад лініі сутыкнення на Данбасе дамоўленасці пакуль няма.

Сайдзік таксама паведаміў, што 8—10 верасня наведае Маскву, дзе абмяркуе з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым і прадстаўніком РФ у кантактнай групе Барысам Грызловым вынікі мінскага працэсу. "Хацелася б пачуць, якімі бачацца перспектывы (ва ўрэгуляванні сітуацыі) з расійскага боку, як ён бачыць будучыню нашай працы, будучыню маёй уласнай працы", — сказаў Сайдзік.

Наступная сустрэча кантактнай групы ў Мінску запланаваная на 21 верасня.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН