Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/09/08/863910_863911/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 23:12
08.09.2016 20:57 Палітыка

Ярмошына: Прыходзьце на ўчасткі, нават каб прагаласаваць супраць усіх

Мінск, 8 верасня. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына раіць з разуменнем паставіцца да заклікаў прыйсці на ўчасткі для галасавання, бо выбары — "гэта важная дзяржаўная справа". Пра гэта яна заявіла ў відэазвароце, размешчаным 8 верасня на сайце vybory2016.by.
Ярмошына патлумачыла, што выбары будуць лічыцца сапраўднымі, калі на іх прагаласуе больш за 50% выбаршчыкаў. "Таму такая важная яўка выбаршчыкаў, таму ідзе такая барацьба за ўдзел выбаршчыкаў у выбарах", — патлумачыла яна.

Паводле слоў старшыні ЦВК, справа не ў досыць высокім кошце выбараў (каля 10 млн долараў), а ў тым, што "абранне парламента, паспяховае завяршэнне найважнейшай палітычнай кампаніі — гэта перш за ўсё аснова палітычнай стабільнасці нашай дзяржавы", гэта абранне заканадаўчага органа, які будзе супрацоўнічаць з парламентамі іншых дзяржаў, "абараняючы нашы інтарэсы".

"Давайце зробім усё, каб выбары адбыліся, з разуменнем паставімся да заклікаў адміністрацый ВНУ, прадпрыемстваў, арганізацый, ЖЭСаў, каб вы паўдзельнічалі ў выбарах. Па-мойму, прасцей задаволіць гэтыя пажаданні і сапраўды прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Калі вас не задавальняюць кандыдаты, якія балатуюцца па гэтай акрузе, для вас, нездаволеных, існуе графа супраць усіх. Хоць, я думаю, у нас годны падбор кандыдатаў, якія прадстаўляюць усе пункты гледжання", — сказала кіраўнік ЦВК.

"Актыўныя заклікі" адміністрацый ВНУ і арганізацый узяць удзел у выбарах, паводле яе слоў, не з'яўляюцца парушэннямі заканадаўства. "Вы можаце не адгукнуцца на іх і не прыйсці на выбары. Ці прыйсці 11 верасня. Тым не менш гэтыя запрашэнні маюць месца быць і не з'яўляюцца парушэннямі закона", — сказала яна.

Ярмошына паведаміла пра скаргі, якія паступаюць, на заклікі адміністрацый арганізацый, што агітуюць прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата. "Гэта таксама не з'яўляецца парушэннем закона. Агітацыя дазволена", — падкрэсліла яна, адзначыўшы, што парушэннем будзе лічыцца толькі распараджэнне кіраўніцтва сваім падначаленым праводзіць такую агітацыю ў працоўны час.

Цэнтрвыбаркам, паводле слоў Ярмошынай, таксама прыкладзе намаганні, каб выбаршчыкі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. У прыватнасці, паводле яе слоў, ЦВК звярнулася ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з просьбай праз аператараў мабільнай сеткі накіраваць усім выбаршчыкам запрашэнне прыйсці на выбарчыя ўчасткі. "Гэта не з'яўляецца парушэннем закона, гэта — інфармаванне грамадзян", — лічыць яна. Пры гэтым, паводле яе слоў, запрашэнні будзе рассылаць аўтамат, а таму іх могуць атрымаць замежнікі, замежныя назіральнікі, непаўналетнія, якія не маюць права голасу.

6 верасня на сустрэчы з Ярмошынай Аляксандр Лукашэнка заявіў, што галасаванне на выбарах не павінна быць штучным. "Я хацеў бы звярнуць і вашу ўвагу, і тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб не было ў нас нічога штучнага, каб мы не гналі людзей на выбары, каб мы годна іх правялі, каб гэта сапраўды было свята і мы разумелі, што робім гэта для сваёй краіны і народа", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, яму хацелася б, каб на выбары прыйшло як мага больш людзей, бо "гэта — паказчык сувязі паміж уладай і народам, паказчык ацэнкі людзьмі парламенцкіх выбараў, ролі дэпутатаў, парламента ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы". "Але тым не менш падкрэсліваю: заганяць людзей на ўчасткі не трэба — трэба іх папрасіць. Трэба папрасіць, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі", — заявіў афіцыйны лідар.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239