Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/09/12/eu_eu_864728_569874/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:40
12.09.2016 21:54 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка: Спакойная і бяспечная Беларусь патрэбная і Захаду, і Расіі

Мінск, 12 верасня. Спакойная і бяспечная Беларусь патрэбная і Захаду, і Расіі, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў эксклюзіўным інтэрв'ю першаму намесніку генеральнага дырэктара ТАСС Міхаілу Гусману.

"Вы ведаеце, мы патрэбныя і Еўропе, і Расіі, асабліва цяпер, у гэты момант. Я заўсёды пра гэта казаў. Але цяпер, калі склалася такая сітуацыя ў Прыбалтыцы і ва Украіне... Разумееце, Гасподзь так стварыў сітуацыю, што Беларусь менавіта такая, як яна цяпер ёсць, патрэбная Еўрапейскаму саюзу і Расіі. Такая ціхая, спакойная, бяспечная краіна, дзе можна праводзіць любое мерапрыемства Еўропы ў інтарэсах Еўрасаюза і Расіі, яна і патрэбная. Гэта паказалі і падзеі ва Украіне", — сказаў Лукашэнка.

Ён закрануў тэму мінскага перамоўнага працэсу, у прыватнасці нагадаў аб другім мінскім пагадненні, падпісаным на саміце ў беларускай сталіцы 11—12 лютага 2015 года з мэтай спынення ўзброенага канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны.

"Тут сабраліся людзі і прынялі гістарычныя рашэнні. І не трэба мне іх прыпісваць. Якая тут мая роля? Я арганізатар быў, я даў магчымасць. І, вядома, гэта было маё ўнутранае імкненне. Вось ты нарадзіўся ў Азербайджане, у Расіі жывеш, а, кажуць, мае карані дзесьці паміж Чарнігавам і Кіевам. Нават не ў гэтым справа. Бо ўкраінцы — гэта нашы людзі. Гэта родныя нашы людзі, і я не магу не перажываць за тое, як там сітуацыя складваецца", — заявіў Лукашэнка.

"Але гэта не мае нічога агульнага з тым, што тут адбывалася, — працягнуў ён. — Я выканаў волю прэзідэнта Расіі, прэзідэнта Францыі і кіраўнікоў Германіі і Украіны Ангелы Меркель і Пятра Парашэнкі. Яны хацелі тут сустрэцца, знайсці месца, дзе спакойна можна абмеркаваць гэтыя пытанні. Я гэта арганізаваў ім, усё рабіў для таго, каб ім было зручна і яны прынялі гістарычныя рашэнні. Вось, разумееце, за суткі, не спалі і не елі".

"Няхай яны зараз не рэалізоўваюцца, але гэта шлях, які тады быў прызнаны ўсімі, і ўвесь свет гэта сапраўды падтрымаў, нават амерыканцы, і ўсе спасылаюцца на "Мінск-2", — дапоўніў беларускі кіраўнік. — Я скажу адкрыта: я гэтым ганаруся. Але галоўнае ў чым: што хай будзе такая краіна паміж Усходам і Захадам, дзе можна спакойна абмяркоўваць гэтыя праблемы. Прашу ласкава, калі патрэбны будзе "Мінск-3", 5, 25 — мы гатовыя. І сёння кантактная група дзе працуе? У Мінску".

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь стварае ўдзельнікам перамоўнага працэсу ўсе ўмовы, каб пагасіць гэты канфлікт. "Гэта наш канфлікт, славянскі, і тое, што ўмяшаўся Захад у яго, у тым ліку па нармалізацыі, гэта нас паказвае не з лепшага боку, мы павінны былі вырашыць і мы можам вырашыць гэтае пытанне. Чым раней, тым лепш", — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што любая вайна чымсьці заканчваецца. "Чым? Мірам. І галоўнае — гэта наступствы. Наступствы будуць тым больш выгадныя для Украіны, Расіі, Беларусі і для ўсяго свету, чым хутчэй мы завершым гэты канфлікт", — адзначыў ён.

"Таму Беларусь патрэбная Захаду і Расіі. І яны нам патрэбныя. Нам няма куды падзецца. Я часта кажу: мы паміж молатам і кавадлам. "Кавадла" — велізарная Расія, "молат" — Еўрапейскі саюз. Вось Гасподзь нас пасадзіў тут, і што нам рабіць? і мы паміж гэтымі молатам і кавадлам сёння існуем, і трэба сябе паводзіць настолькі акуратна, каб ні ў якім разе вось гэты крохкі свет тут не разбурыць", — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН