Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/09/19/865680_865685/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 16:39
19.09.2016 11:16 Грамадства

Затрыманы прыблізна год таму серыйны гвалтаўнік расказаў амаль пра сотню ахвяраў, паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама

Мінск, 19 верасня. Падазроны ў серыі згвалтаванняў грамадзянін Расіі расказаў пра тое, што за 20 гадоў згвалціў прыблізна сто жанчын. Толькі больш за палову яго ахвяр устаноўленыя, зараз устанаўліваюць асобы астатніх, паведамілі ва УУС Мінскага аблвыканкама.

У лістападзе мінулага года за здзяйсненне серыі згвалтаванняў на тэрыторыі Брэсцкай і Мінскай абласцей быў затрыманы 45-гадовы расіянін. Жыхар Санкт-Пецярбурга перыядычна прыязджаў у Беларусь наведваць сваякоў у Брэсцкай вобласці. З 1994 па 2014 гады падчас гэтых візітаў і здзяйсняліся згвалтаванні.

Адна з асаблівасцяў злачынстваў — яны здзяйсняліся блізу прыпыначных пунктаў чыгуначнага транспарту. На тэрыторыі Мінскай вобласці гаворка ідзе пра Дзяржынскі, Мінскі, Смалявіцкі і Стаўбцоўскі раёны. Для здзяйснення злачынстваў выбіраліся бязлюдныя месцы, размешчаныя побач з ляснымі масівамі. У шэрагу выпадкаў абвінавачаны не толькі гвалтаваў, але і забіраў у ахвяр упрыгажэнні, грошы, каштоўныя рэчы. Згвалтаванні суправаджаліся пагрозамі фізічнай расправы, часам для гэтага выкарыстоўваўся нож.

Ахвярамі гвалтаўніка станавіліся жанчыны рознага ўзросту, у тым ліку непаўналетнія. Першыя заявы ад пацярпелых сталі паступаць у 1999 годзе. Аднак сам падазроны паказаў, што нападаў на жанчын з 1994 года. Падчас расследавання гэтая інфармацыя пацвердзілася.

Неабходна адзначыць, што да цяперашняга часу праваахоўныя органы не валодаюць поўнай карцінай учыненых падазроным злачынстваў. Практычна адразу пасля затрымання фігурант стаў расказваць пра згвалтаванні, пра якія раней не было вядома. Падчас падрабязнай праверкі гэтай інфармацыі і аператыўна-следчых дзеянняў толькі ў Мінскай вобласці былі ўсталяваныя прыблізна дзесяць жанчын, якія раней з-за розных прычын у міліцыю не звярталіся. Ёсць важкія падставы меркаваць, што да гэтага часу вядома далёка не пра ўсе ахвяры серыйнага гвалтаўніка.

"Мы практычна ўпэўненыя, што асобы шэрагу пацярпелых ад супрацьпраўных дзеянняў падазронага, як і некаторыя факты учыненых ім злачынстваў на тэрыторыі Мінскай вобласці, да гэтага часу не выяўленыя. Таму звяртаемся да суграмадзян па інфармацыйную дапамогу", — сказаў начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Мінскага аблвыканкама Ігар Шчарбачэня.

Праваахоўнікі просяць тых, у дачыненні да каго падазроным былі здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні, тых, хто на фота на сайце УУС пазнаў у ім свайго крыўдзіцеля, а таксама тых, хто валодае інфармацыяй аб яго супрацьпраўных дзеяннях, паведаміць пра сябе ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Мінскага аблвыканкама.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239