Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/09/21/866179_886180/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:44
21.09.2016 19:50 Палітыка

Спецпрадстаўнік АБСЕ вітаў падпісанне рамачнага пагаднення аб развядзенні сіл на ўсходзе Украіны

Мінск, 21 верасня. Спецыяльны прадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік вітаў падпісанне рамачнага рашэння трохбаковай кантактнай групы па сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны аб развядзенні сіл і сродкаў. Пра гэта гаворыцца ў яго заяве па выніках пасяджэння 21 верасня ў Мінску трохбаковай кантактнай групы.
 
"Я рад паведаміць, што пасля трох месяцаў намаганняў і напружанай працы рабочай групе па пытаннях бяспекі нарэшце ўдалося ўзгадніць тэкст рамачнага рашэння аб раз'яднанні сіл і сродкаў. Гэты дакумент быў сёння падпісаны прадстаўнікамі Украіны і Расійскай Федэрацыі ў кантактнай групе і парафіраваны прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей", — сказаў Сайдзік.
 
Паводле яго слоў, рабочай групе па пытаннях бяспекі таксама ўдалося ўзгадніць усе пытанні, якія тычацца трох абласцей размежавання — Залатога, Пятроўскага і Станіцы Луганскай.
 
Раней Дар'я Оліфер, прэс-сакратар прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе Леаніда Кучмы, паведаміла, што падпісаны дакумент прадугледжвае дээскалацыю ў раёне лініі судакранання і фактычна стварае ўмовы, у якіх стралковая зброя не можа выкарыстоўвацца для абстрэлаў. У той жа час рамачнае рашэнне прадугледжвае поўнае выкананне папярэдніх дамоўленасцяў трохбаковай кантактнай групы аб адвядзенні з лініі судакранання гармат калібрам меншым за 100 мм.
 
"У адпаведнасці з рамачным рашэннем аб развядзенні сіл і сродкаў СММ АБСЕ ажыццяўляе "на пастаяннай аснове маніторынг і верыфікацыю працэсу развядзення сіл і сродкаў на ўзгодненых участках развядзення", — заявіла Оліфер. — Варта асабліва адзначыць, што гэта развядзенне запланавана толькі на трох участках з пэўна вызначанымі каардынатамі. У той жа час украінскі бок лічыць, што ў ходзе імплементацыі гэтага рамачнага рашэння могуць быць адпрацаваны падыходы да магчымага развядзення сіл і сродкаў уздоўж усёй лініі размежавання".
 
Яна падкрэсліла, што пры падрыхтоўцы дакумента ўкраінскі бок цалкам выключыў спробы вольнага тлумачэння параметраў і статусу лініі размежавання, паколькі ў тэксце рамачнага рашэння зафіксавана, што гэты дакумент прымаецца ў працяг пратакола ад 5 верасня 2014 года, мемарандума ад 19 верасня 2014 года, комплексу мер па выкананні мінскіх пагадненняў ад 12 лютага 2015 года.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН