Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/09/29/867306_456321/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 23:01
29.09.2016 17:44 Эканоміка

Банк "Ротшыльд": Беларусі няма на карце інвестараў

Мінск, 29 верасня. Замежныя інвестары, якія спецыялізуюцца на новых рынках, не ўспрымаюць сёння Беларусь як краіну, куды неабходна ўкладваць інвестыцыі, заявіў дырэктар-кіраўнік інвестыцыйнага банка Rothschild па краінах СНД Джавані Сальвеці падчас канферэнцыі "Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё", якая 29—30 верасня праходзіць у Мінску.
Сальвеці адзначыў, што прыцягненне прамых замежных інвестыцый важнае для любой краіны, бо інвестары прыносяць у эканоміку капітал, падаткі, тэхналогіі.

"Усё гэта добра адбіваецца на абнаўленні эканомікі. Але важны і іншы аспект. Як паказвае практыка, чым больш замежныя інвестары ўкладваюць у краіну, тым больш яны пра яе клапоцяцца", — сказаў Сальвеці.

Разам з тым "Беларусь не ўспрымаецца сёння сур'ёзна інвестарамі як краіна, у праекты на тэрыторыі якой трэба ўкладаць інвестыцыі", адзначыў ён. Як следства, дадаў Сальвеці, узровень прамых замежных інвестыцый у разліку на душу насельніцтва ў Беларусі істотна ніжэйшы, чым у іншых краінах.

"За апошнія пяць гадоў Беларусь нічога сур'ёзнага не выставіла на продаж, каб прыцягнуць замежныя інвестыцыі", — канстатаваў прадстаўнік банка.

Ён адзначыў, што ў беларускай эканоміцы працягвае адыгрываць вызначальную ролю дзяржсектар, у той час як у еўрапейскіх краінах (Польшчы, Славакіі, Чэхіі) унёсак прыватнага сектара ў эканоміку складае больш за 70%.

У сувязі з гэтым Сальвеці звярнуў увагу на тое, што ў еўрапейскіх краінах з развітым прыватным сектарам ВУП на душу насельніцтва складае 15 і больш тысяч долараў, а ў Беларусі — прыблізна 6 тыс.

"Такім чынам, існуе прамая карэляцыя паміж развіццём прыватнага сектара і ўзроўнем дабрабыту ў краіне. Гэта ўпарты факт", — падкрэсліў прадстаўнік банка "Ротшыльд".

На яго думку, для павышэння цікавасці інвестараў да беларускай эканомікі варта было б рэалізаваць шэраг пілотных прыватызацыйных праектаў. "Калі б я працаваў у беларускім урадзе, то рэалізаваў бы пару-тройку праектаў з удзелам "блакітных фішак", каб Беларусь з'явілася на карце замежных інвестараў. Цяпер яе там няма, на жаль", — заявіў Сальвеці.

Як паведамлялася, прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў на форуме, што Беларусь пакуль не атрымала таго прытоку інвестыцый, на які разлічвала. "Не апошнюю ролю тут адыгрывае і недастатковая інфармаванасць аб наяўных у Беларусі патэнцыяле і магчымасцях. Мы мэтанакіравана працуем над пераадоленнем гэтых недахопаў. Беларусь правяла шэраг буйных інвестыцыйных мерапрыемстваў у Нью-Ёрку, Лондане, Вене, Стамбуле. Сённяшні форум працягвае пералік такіх мерапрыемстваў", — сказаў Кабякоў.

Разам з тым ён лічыць, што ў краіне сфармаваная нядрэнная заканадаўчая база для прыцягнення замежных інвестыцый. "Значная частка тэрыторыі краіны — гэта прэферэнцыйныя рэжымы, якія паспяхова функцыянуюць, пры размяшчэнні бізнесу ў межах свабодных эканамічных зон, Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парку "Вялікі камень", на тэрыторыі малых і сярэдніх гарадоў Беларусі", — адзначыў прэм'ер-міністр.

Акрамя таго, паводле яго слоў, Беларусь паслядоўна пераходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239