Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/10/05/868205_868206/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:42
05.10.2016 18:19 Палітыка, Грамадства

Савет Еўропы: Рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву засмучае

Мінск, 5 кастрычніка. Рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Вострыкаву засмучае, гаворыцца ў распаўсюджанай 5 кастрычніка заяве Савета Еўропы.

"Смерць — гэта не правасуддзе. Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага захаду да яе адмены будзе азначаць сапраўдную прыхільнасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў", — адзначаецца ў заяве.

У Савеце Еўропы нагадваюць, што выказвалі шкадаванне з нагоды смяротнага прысуду Вострыкаву 25 мая, неўзабаве пасля яго вынясення.

Як раней паведамляў БелаПАН, сёння з аналагічнай заявай ад імя ЕС выступіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Нагадаем, Вярхоўны суд 4 кастрычніка пакінуў без змены смяротны прысуд 34-гадоваму гамяльчаніну Сяргею Вострыкаву. Ён прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх жанчын, а таксама ў згвалтаванні і выкраданні. Справа слухалася ў закрытым рэжыме.

У Вострыкава ёсць права звярнуцца з просьбай аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Аднак вядомы толькі адзін выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка памілаваў прыгаворанага да расстрэлу. З 1991 года ў Беларусі да вышэйшай меры пакарання было прыгаворана больш за 400 чалавек.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. Зараз у "калідоры смерці" выканання прысуду акрамя Вострыкава чакаюць яшчэ два чалавекі: жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі, які прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі, і жыхар Мінскага раёна Сяргей Хмялеўскі, прызнаны вінаватым у забойстве трох суседзяў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН