Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/10/20/870654_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:35
20.10.2016 09:20 Палітыка

Лідары "нармандскай чацвёркі" дамовіліся пра "дарожную карту" для Данбаса

Мінск, 20 кастрычніка. Удзельнікі саміту "нармандскай чацвёркі" ў Берліне дамовіліся да канца лістапада распрацаваць і зацвердзіць "дарожную карту" ўрэгулявання канфлікту ў Данбасе, заявіў у ноч на чацвер, 20 кастрычніка, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пасля заканчэння перамоў аб становішчы на ўсходзе Украіны, перадае Deutsche Welle са спасылкай на Reuters.

Паводле слоў Парашэнкі, бакі таксама дамовіліся аб тым, што ў зоне канфлікту пачне працу ўзброеная паліцэйская місія Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).

Былі дасягнуты дамоўленасці аб развядзенні ўзброеных сіл варагуючых бакоў на чатырох участках лініі судакранання. Але выбары на тэрыторыях, якія кантралююцца прарасійскімі сепаратыстамі, могуць быць праведзеныя толькі пасля поўнага вываду ўсіх замежных войскаў, падкрэсліў Парашэнка.

Украіна настойвае на абмене палоннымі ў фармаце "ўсіх на ўсіх". Гэты працэс быў раней надоўга прыпынены, паводле слоў украінскага прэзідэнта, "з-за бяздзейнасці расійскага боку". "Дарожная карта — гэта дакумент па імплементацыі ўсіх мінскіх пагадненняў. Гэта датычыцца і межы, і лініі судакранання", — указаў Пётр Парашэнка, адзначыўшы, што не бачыць альтэрнатывы нармандскаму фармату.

У сваю чаргу канцлер ФРГ Ангела Меркель пасля заканчэння сустрэчы заявіла, што саміт "нармандскай чацвёркі" паказаў усю важнасць аднаўлення прамога канала перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў з удзелам Уладзіміра Пуціна. Хоць "цудаў сённяшні дзень за сабой не пацягнуў", дасягнуты прагрэс у дачыненні да "дарожнай карты".

На перамовах у Берліне былі вызначаныя асноўныя напрамкі будучай "дарожнай карты". Пасля распрацоўкі і ўзгаднення дакумента міністрамі замежных спраў ФРГ, Францыі, Украіны і РФ ён будзе падпісаны кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў "нармандскай чацвёркі". Акрамя таго, кіраўнікі МЗС "нармандскай чацвёркі" на працягу месяца правядуць сустрэчу для падрыхтоўкі наступнага саміту.

Нагадаем, трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны апошні раз засядала ў Мінску 5 кастрычніка, а 18 кастрычніка правяла відэаканферэнцыю. Наступны раўнд перамоваў па Украіне ў Мінску пройдзе 26 кастрычніка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН