Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/10/31/872468/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:13
31.10.2016 16:54 Грамадства, Культура

Міжканфесійнае "Біблейскае таварыства" заклікала актыўна адсвяткаваць 500-годдзе беларускага перакладу Бібліі

Мінск, 31 кастрычніка. Міжканфесійнае хрысціянскае рэлігійнае брацтва "Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь" заклікала грамадства актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія ў 2017 годзе будуць прысвечаны 500-годдзю перакладу Бібліі першадрукаром і асветнікам Францыскам Скарынам. Тэкст звароту БелаПАН атрымаў ад арганізацыйнага камітэта брацтва па святкаванні гэтай падзеі.

У аргкамітэт уваходзяць старшыня "Біблейскага таварыства" Аляксандр Фірысюк і выканаўчы дырэктар Ігар Міхайлаў, протаіерэй Аляксей Васін з Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, айцец Аляксандр Фаміных ад Рымска-каталіцкага касцёла Беларусі, Сяргей Паднюк з Аб'яднанай царквы хрысціян веры евангельскай, Віктар Яравой з Канферэнцыі хрысціян-адвентыстаў сёмага дня і Петр Назараў ад Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў.

"Біблейскае таварыства" звярнулася да грамадзян, улады, дзеячаў адукацыі, навукі і культуры, а таксама СМІ з просьбай садзейнічаць і браць удзел у мерапрыемствах, што будуць ладзіцца як цэрквамі, так і свецкімі ўстановамі.

Біблія Скарыны, нагадалі святары, стала "першай друкаванай беларускай кнігай" і "ад яе выхаду вядзе сваё летазлічэнне беларускае кнігадрукаванне". "Пачынаючы з часоў Францыска Скарыны менавіта Біблія стала адным з галоўных сімвалаў нашай мовы, культуры, сімвалам нашага народа", — падкрэслілі яны.

Паводле слоў аўтараў звароту, у XVI стагоддзі менавіта Скарынава Біблія і шэраг іншых біблійных выданняў і перакладаў прывялі да значнага "ўздыму ва ўсіх сферах грамадскага, палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця". Біблія ў тым ліку паўплывала "на змест выдатнага помніка беларускай прававой думкі — Статута Вялікага Княства Літоўскага — і на працягу стагоддзяў фармавала культуру і народ".

"З моманту адраджэння беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі юбілеі, звязаныя з біблійнымі перакладамі і выданнямі Францыска Скарыны, адзначаюцца пастаянна і сведчаць пра агульнанацыянальнае прызнанне іх вызначальнага ўплыву на гісторыю Беларусі, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — У 1925 годзе адзначалася 400-годдзе беларускага кнігадрукавання, у 1967 годзе — 450-годдзе. На 1990 год выпала 500-годдзе Францыска Скарыны, якое адзначалася з асаблівым размахам".

"У гэты юбілейны год звернемся да кнігі, якая стала пачаткам усіх беларускіх кніг, каб Біблія, якую Францыск Скарына прагнуў даць свайму народу, стала асновай жыцця кожнага беларуса. Слава Богу, што мы ўваходзім у лік нямногіх краін, якія маюць гэтакія даўнія пераклады Святога пісання. Таму лейтматывам юбілейных урачыстасцяў 500-годдзя беларускага кнігадрукавання хацелася б зрабіць важнасць перакладу і выдання менавіта Бібліі — кнігі, якая можа змяніць жыццё, дае веру і паказвае шлях да вечнага жыцця, падрыхтоўкай да якога з'яўляецца наш шлях зямны", — адзначылі ў сваім звароце сябры "Біблейскага таварыства".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН