Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/11/08/873513_873515/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:55
08.11.2016 18:08 Эканоміка

Сітуацыя на прадпрыемствах "Строммашына" і "Магілёўтрансмаш" разгледжаная на пасяджэнні прэзідыума Саўміна

Мінск, 8 лістапада. Планы развіцця ААТ "Магілёўскі завод "Строммашына" і завода "Магілёўтрансмаш" ААТ "МАЗ" — кіруючая кампанія холдынга "БелаўтаМАЗ" разгледжаныя 8 лістапада на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, якое прайшло пад старшынствам прэм`ер-мiнiстра Андрэя Кабякова.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, Кабякоў звярнуў увагу, што фінансавае і эканамічнае становішча завода "Строммашына" няпростае. "Пастановай эканамічнага суда Магілёўскай вобласці ў дачыненні да ААТ "Магілёўскі завод "Строммашына" распачатая вытворчасць па справе аб банкруцтве і адкрытая конкурсная вытворчасць. Распрацаваны і выконваецца план санацыi, стратэгічнай мэтай якога з`яўляецца нармалізацыя гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства", — адзначыў ён.

Разам з тым прэм`ер-міністр звярнуў увагу, што дзякуючы прынятым мерам у акцыянерным таварыстве намецілася станоўчая дынаміка па паляпшэнні сітуацыі. З мая 2016 года прадпрыемства перайшло на штомесячную станоўчую рэнтабельнасць продажу.

Паводле слоў Кабякова, няпростае фінансавае і эканамічнае становішча склалася і на заводзе "Магілёўтрансмаш", які не мае статусу юрыдычнай асобы і з`яўляецца структурным падраздзяленнем Мінскага аўтамабільнага завода.

"Прычыны такога становішча — нізкая прадукцыйнасць працы і загружанасць вытворчых магутнасцяў, высокі сабекошт выпусканай прадукцыі і яе невысокая якасць", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.

Па выніках разгляду распрацаваных перспектыўных планаў развіцця прадпрыемстваў даручана іх дапрацаваць ў кароткія тэрміны з улікам заўваг, дадзеных у час пасяджэння, і прадставіць на разгляд ва ўрад.

Падчас візіту ў Магілёўскую вобласць 22 ліпеня Аляксандр Лукашэнка "незапланавана" наведаў ААТ "Магілёўскі завод "Строммашына" і філіял ААТ "МАЗ" "Завод "Магілёўтрансмаш" і запатрабаваў аднавіць стабільную працу прадпрыемстваў.

Адзначым, што магілёўскі завод "Строммашына", які выпускае тэхналагічнае абсталяванне для вырабу будматэрыялаў, нафтаздабыўное і горна-шахтавае абсталяванне, у студзені эканамічным судом вобласці прызнаны эканамічна неплацежаздольным. У дачыненні да яго адкрыта працэдура санацыі (фінансавага аздараўлення) тэрмінам на 2,5 года.

Беларускі кіраўнік запатрабаваў, каб да 1 студзеня стан прадпрыемства дазваляў працаўнікам "быць упэўненымі ў перспектыўнасці вытворчасці". "А да канца 2017 года вы павінны людзям паказаць, што гэта нармальнае прадпрыемства, якое вырабляе добрую прадукцыю." Строммашына" — гэта справа нашага гонару, мы павінны аднавіць гэтае прадпрыемства", — падкрэсліў ён.

Аналагічныя патрабаванні Лукашэнка выставіў і да магілёўскага філіяла МАЗ: "Хачу папярэдзіць і кіраўнікоў холдынга і прадпрыемства, што, як і на "Строммашыне", я шмат не прашу: да 1 студзені людзі павінны быць пэўныя ў тым, што гэта прадпрыемства будзе жыць і працаваць . А для гэтага патрэбныя заказы і зарплаты".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН