Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/11/09/873596_125963/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 05:30
09.11.2016 11:45 Палітыка

Перамога Трампа наўрад ці сур'ёзна адаб'ецца на беларуска-амерыканскіх адносінах, лічаць эксперты

Мінск, 9 лістапада. Сур'ёзных зменаў у амерыкана-беларускіх адносінах у сувязі з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах Амерыкі Дональда Трампа найбліжэйшым часам чакаць не варта. Такое меркаванне выказалі ў каментарыі БелаПАН беларускія палітолагі.
58-я выбары прэзідэнта ЗША прайшлі 8 лістапада. Афіцыйныя вынікі яшчэ не абвешчаныя, але амерыканскія СМІ паведамляюць пра перамогу прадстаўніка Рэспубліканскай партыі мільярдэра Дональда Трампа. Згодна са звесткамі CNN, ён атрымаў 48% галасоў амерыканцаў і 288 галасоў выбарнікаў (для перамогі кандыдату неабходна набраць 270 галасоў выбарнікаў). Прадстаўнік Дэмакратычнай партыі былы дзяржсакратар Хілары Клінтан, паводле апошніх даных, набрала 47,2% галасоў (215 галасоў выбарнікаў). Паведамляецца таксама, што Клінтан прызнала паражэнне на выбарах і павіншавала свайго суперніка па тэлефоне.

"Прадказаць палітыку адміністрацыі Трампа досыць складана, — адзначыў эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Валерый Карбалевіч. — Калі б перамагла Клінтан, можна было б меркаваць, што ў дачыненні да Беларусі працягвалася б тая ж лінія, якую праводзіла адміністрацыя Абамы. Што будзе цяпер, не ведае ніхто. Таму што пэўнага ўяўлення аб будучай знешняй палітыцы Трамп на сёння не сфармаваў. Усё залежыць ад таго, як ён адыдзе ад перадвыбарчай рыторыкі да рэальнай палітыкі".

Пры гэтым эксперт упэўнены, што першым часам ніякіх пераменаў у палітыцы ЗША ў дачыненні да Беларусі не адбудзецца. "Трампу будзе проста не да Беларусі — гэта не першы пункт парадку дня, значна больш іншых праблем. Таму толькі праз некаторы час з'явіцца які-небудзь зразумелы план адносна нашай краіны", — лічыць Карбалевіч.

Ён нагадаў, што ў дачыненні да Беларусі ў ЗША ёсць дзейная заканадаўчая база — Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. "Ёсць таксама прыпыненыя санкцыі супраць дзевяці кампаній. Пакуль адносіны будуць рухацца ў гэтых межах", — прагназуе аналітык.

Каментуючы неаднаразовыя заявы Трампа аб неабходнасці "прымірыцца з Расіяй", Карбалевіч адзначыў, што Барак Абама таксама перамагаў на выбарах з рыторыкай аб абмежаванні ўмяшання ЗША ў справы іншых дзяржаў, а ў 2009 годзе Хілары Клінтан у якасці дзяржсакратара прыязджала ў Маскву, каб абвясціць аб перазагрузцы адносін з Расіяй. "Гэта тое, што называецца палітыкай ізаляцыянізму. Расіі пра постсавецкую прастору тады было сказана: "Гэта ваша дзялянка, мы сюды не будзем ўмешвацца". Што адбылося ў выніку, мы бачым на прыкладзе ўкраінскага крызісу. Ёсць палітычныя дэкларацыі, а ёсць логіка, якая ўцягвае ЗША ў некаторыя працэсы і прымушае ўмешвацца. Таму я б пакуль з асцярогай паглядзеў на заявы Трампа аб паляпшэнні адносін з Расіяй і паглядзеў, як рэальна будуць развівацца падзеі", — сказаў Карбалевіч.

Палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў таксама не чакае хуткіх сур'ёзных зменаў у двухбаковых адносінах у сувязі з перамогай рэспубліканца. "Трамп пакуль яшчэ не вельмі дасведчаны палітык у адрозненне ад іншых, якія станавіліся прэзідэнтамі ЗША да яго. Я не ўпэўнены, што ён дакладна ведае, дзе знаходзіцца Беларусь і які стан адносін у нас сёння з ЗША. У яго, напэўна, будзе мноства іншых пытанняў", — адзначыў Фёдараў.

На яго думку, траекторыя амерыкана-беларускіх адносін не зменіцца, "калі не адбудзецца нічога экстраардынарнага". "Амерыкана-беларускія адносіны не зведаюць сур'ёзных змен, калі не адбудзецца рэзкай змены адносін з Расіяй, пагаршэння перш за ўсё", — дадаў ён.

Пры гэтым Фёдараў не схільны перабольшваць эфект ад магчымага вяртання ў Мінск амерыканскага пасла. "У 2006—2008 гадах пасол працаваў — адносіны былі ледзь ці не самымі горшымі. Зараз пасла няма — адносіны ледзь ці не самыя лепшыя", — адзначыў ён.

На думку эксперта, палітычнага націску з боку Вашынгтона для правядзення ў Беларусі дэмакратычных пераўтварэнняў найбліжэйшым часам чакаць не варта, як не варта спадзявацца і на сур'ёзную эканамічную дапамогу афіцыйнаму Мінску. "Беларусь знаходзіцца на вельмі далёкім месцы ў знешняй палітыцы ЗША", — сказаў на заканчэнне Фёдараў.

Разам з тым, як заявіў вечарам 8 лістапада на прыёме ў пасольстве ЗША ў Мінску павераны ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Роберт Райлі, паляпшэнне беларуска-амерыканскіх адносін будзе залежаць не ад палітыка, які перамог на выбарах, а ад сумесных намаганняў бакоў.

"Я, вядома, не магу прадказваць вынік выбараў, таму што яшчэ занадта рана. Але я магу сказаць, што мы ўсе хочам, каб наступіла паляпшэнне ва ўзаемаадносінах. Стасункі паміж ЗША і Беларуссю не залежаць ад якога-небудзь пэўнага чалавека, кандыдата, яны залежаць ад той сумеснай працы, якую мы можам паступова ажыццяўляць у межах паляпшэння адносін", — падкрэсліў дыпламат.

Ён адзначыў, што гэтыя выбары адрозніваюцца ад апошніх выбарчых кампаній у ЗША не толькі палярнымі пунктамі гледжання кандыдатаў Хілары Клінтан і Дональда Трампа па некаторых важных пытаннях. Выбары, паводле слоў Райлі, важныя для амерыканцаў тым, што падчас выбарчай кампаніі з'яўляюцца новыя і разнастайныя погляды і ідэі.

"Выкарыстоўваючы гэты вельмі важны рынак ідэй, якія могуць функцыянаваць толькі пры наяўнасці свабоды слова, мы вельмі многае даведаемся пра тое, як працягваць будаваць нашу краіну. Самае галоўнае — амерыканцы ведаюць, што наша дэмакратыя — гэта не адзін дзень у лістападзе раз на чатыры гады , хай нават гэта і дзень выбараў. Праца па ўмацаванні дэмакратыі працягваецца кожны дзень", — заявіў павераны ў справах ЗША.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН