Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/11/21/875440_145263/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 11:07
21.11.2016 09:39 Эканоміка, Грамадства

Рэальныя грашовыя даходы беларусаў рэкордна ўпалі

Мінск, 21 лістапада. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы жыхароў Беларусі (за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, з улікам інфляцыі) за студзень—верасень 2016 года знізіліся на 7,2% у параўнанні з аналагічным леташнім паказчыкам, паведаміў Белстат. Гэта самае глыбокае падзенне за апошнія 21 месяц.
Даходы насельніцтва падаюць з 2015 года: у студзені — на 1,4% у параўнанні з такім жа перыядам 2014 года; у студзені—лютым — на 2,3%; студзені—сакавіку — на 4%; студзені—красавіку — на 4,1%; студзені—маі — на 4,7%; студзені—чэрвені — на 5,3%; студзені—ліпені — на 5,4%; студзені—жніўні — на 5,5%; студзені—верасні і студзені—кастрычніку — на 5,6%; студзені—лістападзе — на 5,5%; за год — на 5,9%. У студзені 2016 года зніжэнне склала 5,4% да студзеня 2015 года, у студзені—лютым — 6,4%, студзені—сакавіку — 6,5%, студзені—красавіку — 6,8%, студзені—маі, студзені—чэрвені і студзені—ліпені — 7%, студзені—жніўні — 7,1%.

За дзевяць месяцаў гэтага года ў агульным аб'ёме грашовых даходаў аплата працы займае 61,8%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,3%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя) — 23,9%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 6%.

На думку экспертаў, рост даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах будзе невялікім. "У гэтай пяцігодцы можна разлічваць на вельмі сціплы рост даходаў насельніцтва пры адсутнасці эканамічных рэформаў. І нават калі яны адбудуцца, эфект мы адчуем няхутка, так што і ў гэтым выпадку прарываў у частцы павелічэння даходаў насельніцтва ў 2016—2020 гадах чакаць не варта", — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

"У 2016—2020 гадах мяркуецца, што эканоміка будзе расці на лічаныя працэнты. Ніякіх рэсурсаў, каб павышаць даходы насельніцтва больш хуткімі тэмпамі, у дзяржавы сёння (ва ўмовах значных выплат па ўнутраных і знешніх даўгах) няма", — мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Мінэканомікі чакала, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў першым квартале 2016 года знізяцца на 1,5% да адпаведнага перыяду 2015 года, а ў першым паўгоддзі будуць на леташнім узроўні, паводле вынікаў дзевяці месяцаў — вырастуць на 0,1%, паводле вынікаў года — на 0,5%.

Нагадаем, 17 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску для расійскіх рэгіянальных СМІ Аляксандр Лукашэнка ўжо другі раз за мінулы тыдзень заявіў пра неабходнасць павелічэння зарплат у валютным эквіваленце да 500 долараў. "У 2017 годзе — памерці, але трэба выйсці на 500 долараў... Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на 500", — падкрэсліў ён.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239