Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/11/28/876711_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:13
28.11.2016 12:51 Палітыка

Украінскі дэпутат Ганна Гапко: Украіна будзе ініцыяваць перанос месца сустрэч кантактнай групы з Беларусі ў іншую краіну

Мінск, 28 лістапада. Кіеў мае намер ініцыяваць перанос месца сустрэч трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны з Беларусі ў іншую краіну, паведаміла ў інтэрв'ю беларускай інтэрнэт-газеце "Ежедневник" старшыня камітэта па міжнародных справах Вярхоўнай рады Украіны Ганна Гапко.

Гэта звязана са спробай Беларусі заблакаваць абмеркаванне рэзалюцыі па становішчы з правамі чалавека ў Крыме ў трэцім камітэце Генасамблеі ААН. "Для нас галасаванне, якое прайшло 15 лістапада, мела вельмі негатыўны рэзананс, — сказала дэпутат. — Асабліва пасля гутарак, якія гучалі на вышэйшым узроўні, і з улікам таго, што Беларусь сябе заўсёды пазіцыянавала як донар рэгіянальнай бяспекі: краіна, якая выкарыстоўваецца і як пляцоўка для перамоваў, і як тэрыторыя, з якой ніколі не будзе пагроз для вашых суседзяў — краін НАТА, ні для Украіны. Таму цяпер актывізацыя ваенных вучэнняў з Расіяй, набліжэнне механізаваных брыгад да мяжы з Беларуссю выклікаюць у нас пэўную трывогу і недастатковае разуменне".

Гапко адзначыла, што ў снежні будзе праходзіць выніковае прыняцце рэзалюцыі Генасамблеяй ААН, і калі Беларусь пацвердзіць сваю пазіцыю, у Кіеве будуць прымаць "адпаведныя меры". "Мы сёння рознымі спосабамі спрабуем паслаць сігнал беларускаму боку, што галасаванне ў снежні будзе тэставым. Пасля гэтага (я зараз не магу раскрываць пэўную інфармацыю) Украіна разглядае іншыя краіны для правядзення сустрэч трохбаковай кантактнай групы, якая цяпер збіраецца ў Мінску. Мы разумеем, што трэба будзе для гэтага згода і Расіі, але галасаванне па рэзалюцыі стане падставай для таго, каб падымаць гэтае пытанне", — заявіла кіраўнік камітэта па міжнародных справах украінскага парламента.

"Гэта значыць, Мінск можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі, таму што такое галасаванне — яно навеянае і прадыктаванае вонкавым кіраваннем, пазіцыяй іншай краіны. Я не ведаю, ці былі нейкія таргі, чаму Беларусь так зрабіла, бо ўсе іншыя заявы беларускіх афіцыйных асоб казалі пра тое, што Беларусь паважае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны", — адзначыла Гапко.

Звязацца з Гапко для дадатковага каментара не ўдалося. Як паведамілі БелаПАН у прыёмнай старшыні камісіі па міжнародных справах, яна зараз знаходзіцца ў камандзіроўцы.

У прэс-службе МЗС Беларусі інфармацыю аб ініцыятыве ўкраінскага парламента пакуль не каментуюць.

На пасяджэнні трэцяга камітэта Генеральнай асамблеі ААН 15 лістапада ў Нью-Ёрку Беларусь паспрабавала адкласці прыняцце рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі (Украіна)". Гэты дакумент асуджае "часовую акупацыю Расійскай Федэрацыяй часткі тэрыторыі Украіны — Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля" і пацвярджае "непрызнанне анексіі". Акрамя таго, рэзалюцыя асуджае "ўцісканне правоў чалавека, дыскрымінацыйныя меры і практыку ў дачыненні да жыхароў часова акупаванага Крыма, у тым ліку крымскіх татараў, а таксама ўкраінцаў і асоб, якія належаць да іншых этнічных і рэлігійных груп, з боку расійскіх акупацыйных уладаў".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН