Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/11/29/877018_123456/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:29
29.11.2016 16:34 Палітыка

У Мінску пачаліся перамовы "нармандскай чацвёркі" па Украіне

Мінск, 29 лістапада. У "Прэзідэнт-гатэлі" ў Мінску пачалася сустрэча міністраў замежных спраў краін "нармандскай чацвёркі". У ёй удзельнічаюць Павел Клімкін (Украіна), Сяргей Лаўроў (Расія), Франк-Вальтэр Штайнмаер (Германія) і Жан-Марк Эйро (Францыя).
Як заявіў перад адпраўленнем у Мінск Павел Клімкін, на перамовах ён прадставіць план па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. "Я збіраюся зрабіць асноўныя акцэнты на пытанні бяспекі і пытанні гуманітарнага характару, у прыватнасці, вызваленні нашых палітычных заложнікаў, забяспечыць доступ да іх міжнародных арганізацый, Чырвонага Крыжа. А таксама, вядома, я буду настойваць на нашым бачанн і"дарожнай карты", якая будзе здольная зрабіць рэальны прагрэс у сітуацыі", — сказаў кіраўнік МЗС Украіны.

Ён таксама адзначыў, што на сёння няма падстаў для правядзення выбараў на непадкантрольных тэрыторыях. "Наша сумеснае бачанне з нямецкімі і французскімі калегамі заключаецца ў тым, каб можна было прасоўвацца да такіх крокаў, як рэальная падрыхтоўка да правядзення сумленных выбараў — цяпер такіх умоў няма, і ў нас ёсць бачанне па гэтым пытанні з Германіяй і Францыяй. З Расіяй жа у нас такога сумеснага бачання няма", — заявіў Клімкін.

Паводле слоў украінскага міністра, з боку Расіі няма разумення па пытаннях кантролю над украінска-расійскай мяжой і вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Данбаса і раззбраення.

Клімкін лічыць, што неабходна стварыць узброеную місію, якая дазволіла б забяспечыць хоць бы мінімальныя магчымасці для падрыхтоўкі працэсу свабодных і сумленных выбараў на Данбасе.

Расійскі бок збіраецца на сустрэчы ў Мінску "зверыць гадзіннікі". "Хутчэй гэта рабочая сустрэча, з тым каб" зверыць гадзіннікі", і з тым каб пазбегнуць непатрэбных і шкодных для працэсу паўзаў наогул, і на высокім, і на вышэйшым узроўні", — заявіў напярэдадні ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Ён адзначыў, што ў перамовах па Украіне "сітуацыя пакуль кардынальна не паляпшаецца". "Па-ранейшаму працягваюцца "цяжкасці пераводу", вобразна кажучы. Украінскія калегі часта мяняюць пазіцыю, і па-ранейшаму, на жаль, уяўляецца нават цяжкім узгадніць асноўныя пункты таго дакумента, які называюць "дарожнай картай", якая адлюстроўвае агульнае разуменне таго, як трэба рэалізоўваць асноўныя дакументы, а менавіта: мінскія дамоўленасці", — сказаў Пяскоў.

Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў такім фармаце праводзяцца ў беларускай сталіцы ўпершыню. Сустрэча "нармандскай чацвёркі" ў Мінску ўжо была, у лютым 2015 года, але тады яна праходзіла на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Пачатак перамоўнага працэсу ў фармаце "нармандскай чацвёркі" быў пакладзены 6 чэрвеня 2014 года падчас сустрэчы лідараў еўрапейскіх краін і ЗША ў Нармандыі, дзе праходзілі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 70-годдзя адкрыцця другога фронту Другой сусветнай вайны. Тады новаабраны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і яго расійскі калега Уладзімір Пуцін дамовіліся аб візіце ў Кіеў прадстаўніка Расіі для правядзення перамоў па мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Для вядзення рэгулярных мірных перамоў па Украіне на ўзроўні экспертаў быў выбраны Мінск. Першае пасяджэнне трохбаковай (Украіна, Расія, АБСЕ) кантактнай групы ў Мінску адбылося 31 ліпеня 2014 года.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН