Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/11/29/eu_876922_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:11
29.11.2016 14:10 Палітыка

На сустрэчы кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі" Украіна прадставіць свой варыянт плана па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе

Мінск, 29 лістапада. Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін "нармандскага фармату" 29 лістапада ў Мінску мае намер прадставіць украінскі варыянт плана па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

"На сустрэчы кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі" я збіраюся зрабіць асноўныя акцэнты на пытанні бяспекі і пытанні гуманітарнага характару, у прыватнасці, вызваленні нашых палітычных заложнікаў, забяспечыць доступ да іх міжнародных арганізацый, Чырвонага Крыжа. А таксама, вядома, я буду настойваць на нашым бачанні "дарожнай карты", якая будзе здольная зрабіць рэальны прагрэс у сітуацыі", — цытуе Клімкіна агенцтва Интерфакс-Украина.

Клімкін таксама зазначыў, што на гэты момант няма падстаў для правядзення выбараў на непадкантрольных тэрыторыях.

"Наша сумеснае бачанне з нямецкімі і французскімі калегамі заключаецца ў тым, каб можна было прасоўвацца да такіх крокаў, як рэальная падрыхтоўка да правядзення сумленных выбараў — цяпер такіх умоў няма, і ў нас ёсць бачанне па гэтым пытанні з Германіяй і Францыяй. З Расіяй жа у нас такога сумеснага бачання няма", — сказаў Клімкін.

Ён таксама зазначыў, што з боку Расіі няма разумення па пытанні кантролю над украінска-расійскай мяжой, а таксама вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Данбаса і раззбраення.

Клімкін лічыць, што неабходна стварэнне ўзброенай місіі, якая б дазволіла забяспечыць хоць бы мінімальныя магчымасці для падрыхтоўкі працэсу свабодных і сумленных выбараў на Данбасе.

У каментары МЗС Расіі ад 25 лістапада гаворыцца, што "працэс унутрыўкраінскага ўрэгулявання ідзе вельмі няпроста". "Не атрымліваюць практычнага ўвасаблення ў поўным аб'ёме не толькі палажэнні мінскага "Комплексу мер" ад 12 лютага 2015 года, але і дасягнутыя, у тым ліку на вышэйшым узроўні ў "нармандскага фармаце", дамоўленасці, закліканыя спрыяць дасягненню найхутчэйшага вырашэння вельмі вострага крызісу на Украіне. "Прабуксоўвае" праца кантактнай групы і яе профільных падгруп. Адказнасць за гэта ляжыць на кіеўскіх уладах, якія адкрыта сабатуюць рэалізацыю Мінскіх пагадненняў".

Сваю задачу расійскі бок бачыць у тым, каб заклікаць заходніх партнёраў заахвоціць Кіеў няўхільна прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязкаў у рамках мінскага працэсу. "З улікам наяўнай дамоўленасці лідараў "нармандскай чацвёркі" па выніках саміту ў Берліне 19 кастрычніка 2016 года і адпаведнага запрашэння, што паступіла ад Германіі і Францыі, МЗС Расіі рыхтуецца да правядзення ў Мінску 29 лістапада новай сустрэчы міністраў замежных спраў у "нармандскім фармаце". Разглядаем яе як працяг сумеснай практычнай працы па дасягненні мірнага ўрэгулявання і надання яму дадатковага імпульсу", — гаворыцца ў заяве.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН