Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/12/01/877392_12345/
Дата раздрукоўкі: 13.04.2021 18:48
01.12.2016 12:56 Грамадства

У Беларусі прыведзены ў выкананне яшчэ адзін смяротны прыгавор

Мінск, 1 снежня. У Беларусі прыведзены ў выкананне яшчэ адзін смяротны прыгавор — расстраляны 49-гадовы Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве сваёй сужыцелькі з асаблівай жорсткасцю. Гэта ўжо трэцяе пакаранне, пра якое стала вядома за апошнія тры дні.
Як паведаміў БелаПАН каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда, сваякі Якавіцкага атрымалі з Мінскага абласнога суда дакумент, у якім паведамляецца, што ён быў расстраляны 5 лістапада.

"Паводле нашай папярэдняй інфармацыі, усе трое — Генадзь Якавіцкі, Іван Кулеш і Сяргей Хмялеўскі — былі расстраляныя ў адзін дзень, — сказаў Палуда. — Пакуль нічога не вядома пра яшчэ аднаго прыгаворанага да пакарання смерцю, Сяргея Вострыкава (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні. — БелаПАН.), але, думаю, найбліжэйшымі днямі мы пра гэта даведаемся".

28 лістапада з'явілася інфармацыя аб расстрэле 28-гадовага Івана Куляша, які прыгавораны да вышэйшай меры пакарання за забойства трох жанчын, крадзеж і разбой. На наступны дзень стала вядома, што расстраляны 31-гадовы Сяргей Хмялеўскі, абвінавачаны ў жорсткім забойстве некалькіх чалавек.

Паводле інфармацыі Палуды, Якавіцкі, як і Хмялеўскі, звяртаўся са скаргай на прысуд у Камітэт ААН па правах чалавека. Камітэт зарэгістраваў скаргу і прасіў беларускія ўлады адкласці расстрэл Якавіцкага да разгляду справы ў ААН.

Паводле беларускіх законаў, асуджанаму і яго родным не паведамляюць дату расстрэлу, не дазваляюць развітацца. Блізкім не выдаюць цела расстралянага і не гавораць, дзе пахаваны чалавек. Вяртаюць толькі асабістыя рэчы, якія былі ў асуджанага ў СІЗА.

Еўрасаюз, Савет Еўропы і Міжнародная федэрацыя правоў чалавека асудзілі новыя пакаранні ў Беларусі. У заяве Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў ад 30 лістапада гаворыцца: "Працяг прымянення пакарання смерцю ідзе насуперак з заяўленым Беларуссю жаданнем супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з ЕС, па гэтым пытанні і разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на пакаранне смерцю".

ЕС выступае супраць "смяротнага пакарання, якое не з'яўляецца сродкам стрымлівання злачыннасці і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленне чалавечай годнасці", гаворыцца ў заяве. "Смяротнае пакаранне не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах, — падкрэсліваецца ў заяве ЕС. — Мы заклікаем Беларусь — адзіную краіну ў Еўропе, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне, — не прыводзіць у выкананне астатнія прысуды і неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне у якасці першага кроку на шляху да яе поўнай адмены".

За апошнія 20 гадоў у Беларусі пакарана больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання за гэты час быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.
Таццяна Каравянкова, Адар'я Гуштын, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239