Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/12/12/878949_878950/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:33
12.12.2016 16:01 Палітыка

Інфармацыю аб сустрэчы 7 снежня ў Мінску Надзеі Саўчанкі з прадстаўнікамі сепаратыстаў пацвердзіў кіраўнік ЛНР Платніцкі

Мінск, 12 снежня. Кіраўнік самаабвешчанай ЛНР Ігар Платніцкі пацвердзіў інфармацыю аб тым, што 7 снежня ў Мінску адбылася сустрэча прадстаўнікоў самаабвешчаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік з дэпутатам Вярхоўнай рады Украіны Надзеяй Саўчанкай. Пра гэта ён паведаміў 12 снежня на нарадзе ўрада ЛНР, перадае РІА Новости.

"Нядаўна я з Аляксандрам Уладзіміравічам Захарчанкам (кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. — БелаПАН.) сустракаўся разам з народным дэпутатам Украіны Надзеяй Віктараўнай Саўчанкай. Гэта трэба ўспрымаць правільна, трэба разумець, што ўвесь гэты працэс ідзе ў рамках мінскіх перамоў", — заявіў Платніцкі .

Паводле яго слоў, асноўнай тэмай перамоў быў абмен палоннымі па формуле "ўсіх на ўсіх". Платніцкі лічыць, што такія сустрэчы карысныя, "таму што гэта праблема павінна быць асветленая ў сценах Вярхоўнай рады не толькі з аднаго боку, павінны бачыць і чуць наш голас, наша разуменне". "Рашэнне гэтага пытання, думаю, у найбліжэйшы час <...> будзе замацавана на дзяржаўным узроўні, і большасць сваіх людзей мы назад забярэм", — сказаў Платніцкі.

Інфармацыю пра тайны візіт у Мінск 7 снежня Надзеі Саўчанкі — украінскай лётчыцы, вызваленай у маі гэтага года з расійскай турмы, — распаўсюдзіла са спасылкай на свае крыніцы 11 снежня ўкраінскае выданне Liga.net. Пры гэтым адзначалася, што Саўчанка выступае за правядзенне прамых перамоў Украіны з сепаратыстамі па пытанні абмену палоннымі. Яе сустрэча з лідарамі ДНР і ЛНР прайшла ў дзень, калі ў Мінску праводзілася чарговае пасяджэнне трохбаковай (Украіна — Расія — АБСЕ) кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Паводле інфармацыі адной з крыніц, у Мінску Платніцкага і Захарчанку "сустрэлі прадстаўнікі расійскага пасольства ў суправаджэнні служачых Федэральнай службы бяспекі Расіі", якія "пасадзілі іх у машыну і павезлі".

Звязацца з Надзеяй Саўчанкай для атрымання каментарыя пакуль не ўдалося. Аднак, як паведамляюць украінскія СМІ, 11 снежня ў Кіеве яна адмовілася адказваць на пытанне журналістаў пра меркаваны візіт у Мінск.

У расійскім пасольстве ў Беларусі БелаПАН не пацвердзілі інфармацыю аб тым, што супрацоўнікі дыпмісіі сустракалі 7 снежня ў Мінску Платніцкага і Захарчанку. "Справа ў тым, што ў гэтым выпадку прадстаўнік Украіны сустракаецца з прадстаўнікамі Украіны. Мы не арганізуем такія сустрэчы", — заявіла прадстаўнік пасольства Наталля Манастырская.

У пасольстве Украіны інфармацыю пра візіт Саўчанкі ў Мінск каментаваць не сталі. "З боку пасольства ніякай інфармацыі няма, таму што ўсё, што тычыцца перамоў, працы трохбаковай кантактнай групы, — гэта ўсё каментуе толькі афіцыйны Кіеў", — заявіла прадстаўнік дыппрадстаўніцтва Марыя Гуцала.

Увечары 7 снежня, размаўляючы з журналістамі па выніках пасяджэння трохбаковай кантактнай групы, спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік на пытанне аб прысутнасці на перамовах Платніцкага і Захарчанкі адказаў: "Я іх тут не бачыў".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН