Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/12/18/880018_880019/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 21:31
18.12.2016 13:32 Эканоміка

Дзяржкамваенпрам: МЗКЦ у 2016 годзе павысіў эфектыўнасць сваёй дзейнасці

Мінск, 18 снежня. "Дзякуючы прадуманай і актыўнай палітыцы ў 2016 годзе Мінскі завод колавых цягачоў істотна павысіў эфектыўнасць сваёй дзейнасці, забяспечыў укараненне агульных кіраўніцкіх мадэляў, заснаваных на сучасных праграмных прадуктах, развіццё кааперацыйных сувязяў", — заявіў БелаПАН прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Уладзімір Лаўранюк.

Свае словы ён падмацаваў папярэднімі лічбамі выканання прадпрыемствам асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзеных яму Дзяржкамваенпрамам на 2016 год.

Так, план па вытворчасці таварнай прадукцыі выкананы на 121%. Прыбытак склаў 460 млрд недэнамінаваных рублёў.

За апошнія пяць гадоў інвестыцыі ў асноўны капітал у ААТ "МЗКЦ" склалі амаль 100 млн долараў ЗША, пры гэтым закуплена амаль 400 адзінак розных станкоў і абсталявання на 62 млн долараў. Прыкладна на 100 станках з ЛПК асвоена ў вытворчасці больш за 2 тыс. дэталяў і распрацавана звыш 3 тыс. кіраўнічых праграм.

Гэта, як адзначаюць у Дзяржкамваенпраме, дазволіла абнавіць парк вытворчага абсталявання, укараніць новыя тэхналагічныя працэсы, правесці мерапрыемствы па комплекснай аўтаматызацыі вытворчасці, значна пашырыць мадэльны шэраг і павялічыць аб'ём выпуску спецыяльнай вялікагрузнай аўтатэхнікі, большая частка якой ідзе на экспарт.

Сёння прадукцыя МЗКЦ экспартуецца ў 20 краін свету, ідзе актыўная праца па асваенні новых рынкаў збыту.

Заводам пачаты выпуск новай лінейкі тактычных аўтамабіляў сямейства 6001 з колавай формулай 4х4, 6х6, 8х8. Шасі МЗКЦ-500200 з колавай формулай 4х4 ужо вырабляюцца серыйна ў інтарэсах Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, пачалася іх адгрузка і ва Узброеныя сілы краіны.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН