Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/12/19/880082_123654/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 03:53
19.12.2016 09:07 Палітыка

19—22 снежня Мінск наведае віцэ-старшыня ПА АБСЕ Кент Харстэд

Мінск, 19 снежня. Падчас візіту Кент Харстэд, які каардынаваў працу кароткатэрміновых назіральнікаў на парламенцкіх выбарах у Беларусі ў верасні гэтага года, падасць выніковую справаздачу місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ аб мінулай кампаніі.
Тэкст справаздачы быў апублікаваны на сайце БДІПЧ АБСЕ дзесяць дзён таму. Яго сутнасць зводзіцца да наступнага: выбары былі добра арганізаваныя, але шэраг даўніх сістэмных недахопаў не вырашаныя. Заканадаўства абмяжоўвае палітычныя правы і асноўныя свабоды і мае празмерна абмежавальны характар. У склад выбарчых камісій былі ўключаныя нязначная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, а працэсы галасавання, падліку галасоў і звядзення вынікаў "былі азмрочаныя значнай колькасцю парушэнняў і адсутнасцю празрыстасці".

Цэнтрвыбаркам Беларусі прыняў шэсць пастановаў аб некалькіх тэхнічных аспектах выбарчага працэсу, але асноўныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі пры гэтым улічаныя не былі, гаворыцца ў справаздачы. На думку яе аўтараў, беларускай выбарчай сістэме неабходная "ўсебаковая рэформа ў межах больш шырокага працэсу дэмакратызацыі".

Дакумент утрымлівае шэраг рэкамендацый па паляпшэнні выбарчай сістэмы Беларусі. Яны тычацца складоў выбарчых камісій, правоў кандыдатаў і назіральнікаў, працэдур галасавання, падліку галасоў і звядзення вынікаў.

У межах візіту ў Мінск Кент Харстэд 20 снежня возьме ўдзел у пасяджэнні міжведамаснай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ аб удасканаленні выбарчага працэсу ў Беларусі.

"Да гэтай сустрэчы Цэнтрвыбаркам адновіць працу міжведамаснай экспертнай групы, якая пачала дзейнічаць яшчэ да выбараў у беларускі парламент, — паведаміла 15 снежня ў інтэрв'ю газеце "Советская Белоруссия" старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Сумесна з ЦВК экспертная група вывучыць прапановы БДІПЧ, якія будуць абвешчаныя на пасяджэнні ў Мінску, і выпрацуе нейкі дакумент (даклад прэзідэнту) з нагоды іх рэалізацыі". "Думаю, нашы эксперты з міжведамаснай групы выкажуць Кент Харстэду нейкую сваю пазіцыю па карэктаванні выбарчага заканадаўства ў нашай краіне", — дадала кіраўнік ЦВК.

Яна таксама паведаміла, што калі кіраўнік дзяржавы ўхваліць выпрацаваныя прапановы, Цэнтрвыбаркам падрыхтуе адпаведны пакет змен у выбарчае заканадаўства.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239