Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/12/21/880632_112255/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:10
21.12.2016 16:15 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговае пасяджэнне кантактнай групы па Украіне

Мінск, 21 снежня. У Мінску 21 снежня праходзіць чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведаміла ў "Фэйсбуку" Дар'я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Апошняе сёлета пасяджэнне традыцыйна праходзіць у закрытым для прэсы рэжыме. Сустрэчы папярэднічалі перамовы падгруп кантактнай групы, паведаміла ў "Твітэры" МЗС Беларусі. Ці ўсё чатыры падгрупы (па эканамічных, гуманітарных, палітычных пытаннях і па пытаннях бяспекі) збіраліся, не паведамляецца.

Перамовы праходзяць у комплексе "Дыпсэрвіс-хол".

Папярэдняя сустрэча кантактнай групы па Украіне ў Мінску адбылася 7 снежня. Паводле вынікаў перамоў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў журналістам, што абмеркаванне пытання абмену палоннымі паміж бакамі канфлікту ў Данбасе праходзіць "з усё большым пачуццём адказнасці".

У гэты ж дзень Мінск таемна наведала дэпутат Вярхоўнай рады Украіны лётчыца Надзея Саўчанка, вызваленая ў маі гэтага года з расійскай турмы. Яна не ўдзельнічала ў працы кантактнай групы, аднак сустракалася з кіраўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім, з якімі абмяркоўвала магчымасць паскарэння працэсу абмену. Інфармацыя пра яе візіт была пацверджаная толькі 12 снежня.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН