Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/12/24/881180_123456/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:12
24.12.2016 14:01 Палітыка

На Данбасе пачаў дзейнічаць рэжым спынення агню, бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў яго парушэнні

Мінск, 24 снежня. На ўсходзе Украіны 24 снежня пачаў дзейнічаць рэжым спынення агню. Украінскі бок пацвярджае спыненне баявых дзеянняў, абвінавачваючы сепаратыстаў у парушэнні дамоўленасцяў.

"Па стане на раніцу 24 снежня ўкраінскі бок у Сумесным цэнтры па кантролі і каардынацыі рэжыму спынення агню пацвярджае ўвядзенне ўсёабдымнага, устойлівага, бестэрміновага рэжыму спынення агню пачынаючы з 00.00 24 снежня 2016 года. Па ўсёй лініі судакранання цішыня ўстаноўлена", — паведаміў на старонцы штаба АТА ў "Фэйсбуку" кіраўнік украінскага боку ў Сумесным цэнтры па кантролі і каардынацыі рэжыму спынення агню (СЦКК) генерал-маёр Анатоль Пятрэнка.

Адзначаецца, што афіцэры украінскага боку ў СЦКК працягваюць маніторынг і назіранне за выкананнем рэжыму спынення агню, аб любых зменах у абстаноўцы неадкладна інфармуюць спецыяльную маніторынгавую місію АБСЕ.

Штаб АТА таксама паведаміў аб правакацыях сепаратыстаў у першы дзень цішыні. "Ужо праз 25 хвілін пасля паўночы баевікі пачалі правакацыйны агонь са стралковай зброі па нашых пазіцыях у раёне Жоўтага, што на луганскам кірунку. З тых жа відаў узбраення з 6.54 да 7.10, а пазней, з 9.30 да 9.45, — па Мар`інцы. Шырокіна абстрэльвалі з 9.54 да 10.10. Украінскія ваенныя на правакацыі не адказвалі. У 10.25—10.35 — абстрэл Наватроіцкага са стралковай зброі", — паведамляюць украінскія вайскоўцы.

У сваю чаргу прадстаўнікі самаабвешчаных ЛНР і ДНР таксама заявілі аб парушэнні рэжыму спынення агню, але з боку Узброеных сіл Украіны, у прыватнасці аб абстрэлах пасля пачатку перамір`я ў ноч на 24 снежня.

Як паведамляў БелаПАН, паводле вынікаў праведзенага 21 снежня ў Мінску чарговага раўнда перамоў кантактная група па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе заклікала бакі канфлікту да захавання перамір`я з 00.00 24 снежня.

"Мы, члены трохбаковай кантактнай групы і прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей, падкрэсліваючы неабходнасць забеспячэння міру і спакою ў сувязі з надыходам святаў, пацвярджаем сваю прыхільнасць захаванню ўсёабдымнага, устойлівага і бестэрміновага рэжыму спынення агню пачынаючы з 00.00 24 снежня 2016 года па кіеўскім часе", — сказана ў заяве ўдзельнікаў перамоў.

Наступнае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе пройдзе 16 студзеня 2017 года.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН