Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2016/12/28/881701_258963/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 06:19
28.12.2016 11:18 Грамадства

Жыхар Мазыра, які забіў сваіх дзяцей, прыгавораны да смяротнага пакарання

Мазыр, 28 снежня. Чарговы смяротны прысуд вынесены ў Беларусі. 39-гадовы жыхар Мазыра Кірыл Казачак прызнаны вінаватым у забойстве ўласных дзяцей і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.
Прысуд абвешчаны 28 снежня на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда ў Мазыры. Судовыя слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме.

Забойства 9-гадовай Кіры і 17-гадовага Улада здарылася 31 студзеня 2016 года. Паводле падазрэння ў забойстве быў затрыманы іх бацька, які сам паведаміў у міліцыю пра злачынства.

Пасля забойства Кірыл Казачак прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе яна жыла са старэйшым сынам і сужыцелем, і расказаў ёй аб зробленым. Патэлефанаваў у міліцыю і скінуўся з балкона чацвёртага паверха, але застаўся жывы. Доўгі час абвінавачаны правёў у бальніцы — у яго былі пашкоджанні пазваночніка і ног. Канцэнтрацыя спірту ў крыві мужчыны ў той вечар склала 2,36 праміле.

Паводле звестак экспертызы, абвінавачаны ў момант злачынства мог у поўнай ступені ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Згодна з данымі следства, жыхар Мазыра здзейсніў злачынства з пачуцця помсты сваёй жонцы, выкліканага яе намерам скасаваць з ім паўторны шлюб (раней яны ўжо скасавалі шлюб, а затым паўторна яго заключылі) і жыць асобна. У кастрычніку 2015 года жанчына падала дакументы на скасаванне шлюбу, на момант здзяйснення злачынства пара знаходзілася ў працэсе скасавання шлюбу.

Адвакат паведаміў БелаПАН, што яго падабаронны мае намер абскардзіць прысуд.

Гэта ўжо пяты смяротны прысуд з тых, што былі вынесеныя, а таксама набылі моц у Беларусі ў 2016 годзе. За апошнія 20 гадоў у краіне было пакарана смерцю больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.

Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняюць смяротнае пакаранне. Міжнародная супольнасць — Савет Еўропы, Еўрасаюз, АБСЕ, праваабарончыя арганізацыі — неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай.

13 снежня гэтага года ў Мінску прайшла канферэнцыя "Адмена смяротнага пакарання і грамадская думка", арганізаваная пры ўдзеле Савета Еўропы. Выступаючы на ёй, намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў заявіў, што колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання ў Беларусі за апошнія гады вырасла, але не дасягнула большасці. Кіраўнік парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч паведаміў, што ў Палаце прадстаўнікоў новага склікання створаная рабочая група па праблематыцы смяротнай кары.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН