Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/01/02/882243_336699/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 22:53
02.01.2017 11:02 Палітыка, Грамадства

Апостальскі нунцый: Перш чым папа прыедзе ў Беларусь, важна пераканацца, што яго візіт успрымуць станоўча

Мінск, 2 студзеня. Каб візіт папы рымскага ў Беларусь адбыўся, Ватыкан павінен пераканацца, што яго прыезд будзе ўсімі аднолькава станоўча ўспрыняты, заявіў у эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
"Візіт папы — з'ява, якая павінна прымнажаць любоў, гармонію, мір, усё самае станоўчае, што можа прачуць абсалютна кожны чалавек у гэтай краіне — не толькі каталікі, але і ўсе іншыя хрысціяне, мусульмане, атэісты і гэтак далей, — падкрэсліў дыпламат. — Гэта павінна быць з'явай, што ўмацоўвае братэрства людзей, але не павінна быць чымсьці, што можа раздзяліць людзей, з-за чаго могуць узнікнуць канфлікты і нязгода".

"Я ведаю, што паміж людзьмі рознай веры ў Беларусі гістарычна панаваў мір і гармонія. Але папа, калі ён наведае Беларусь, прыедзе не проста як прыватная асоба або біскуп Рыма. Ён з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, суб'ектам міжнароднага права, таму яго візіт у любую краіну свету мае міжнародны кантэкст", — сказаў Пінтэр. Толькі пасля таго як будзе ўладжанае гэтае пытанне, можна будзе пераходзіць да тэхнічных дэталяў арганізацыі візіту, дадаў кіраўнік дыпмісіі Святога пасаду.

"Як я ўжо заяўляў, для мяне гэты візіт з'яўляецца прыярытэтнай задачай, — падкрэсліў ён. — Я ведаю, наколькі важная гэтая падзея для краіны, каталіцкага касцёла, беларусаў у цэлым і нават для ўсяго Усходне-Еўрапейскага рэгіёна. Для мяне прыярытэтам з'яўляецца рабіць усё, што ў маіх сілах, каб гэты візіт адбыўся. Мы працуем над гэтым пытаннем разам з беларускім урадам і ведамствамі Ватыкана".

Арцыбіскуп Пінтэр сказаў, што яму ўжо даводзілася займацца арганізацыяй прыёму пантыфіка. "Я быў у Парыжы, калі папа Бенедыкт павінен быў прыехаць у Францыю, у мяне ёсць вопыт у гэтай, трэба сказаць, нялёгкай справе, якая тэхнічна займае не менш за паўгода. Але мяне не палохае гэтая перспектыва, я рады ёй", — запэўніў ён .

Апошні раз Габар Пінтэр сустракаўся з папам Францыскам у пачатку жніўня 2016 года, за два тыдні да свайго прыезду ў Беларусь, яны шмат гаварылі пра Беларусь.

"Папа нагадаў пра сваю сустрэчу з беларускім прэзідэнтам і ўсе тыя пытанні, якія яны тады абмяркоўвалі. Папа казаў мне пра сваю асаблівую любоў да каталіцкага касцёла ў Беларусі. Ён вельмі добра ведае, што беларускія каталікі ў мінулым многае перажылі. Мы размаўлялі з ім аб тым, якія шчырыя ў Беларусі вернікі. Пантыфік з вялікай радасцю адгукнуўся аб той актыўнасці, якую праяўляе касцёл у Беларусі, а таксама аб добрых адносінах паміж каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой у гэтай краіне", — сказаў дыпламат.

Поўную версію інтэрв'ю з Габарам Пінтэрам публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239