Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/01/12/883674_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:17
12.01.2017 14:48 Палітыка, Грамадства

Ва Украіне распачатая крымінальная справа па факце ўдзелу грамадзяніна Беларусі ў баявых дзеяннях на баку сепаратыстаў

Мінск, 12 студзеня. Ва Украіне распачатая крымінальная справа па факце ўдзелу грамадзяніна Беларусі ў баявых дзеяннях на баку сепаратыстаў.

Як паведамляе прэс-служба пракуратуры Луганскай вобласці, Новаайдарскім аддзелам Севераданецкай мясцовай пракуратуры ажыццяўляецца працэсуальнае кіраўніцтва ў крымінальнай вытворчасці па факце ўдзелу грамадзяніна Беларусі ў складзе не прадугледжаных законам узброеных фарміраванняў, які прывёў да гібелі людзей (ч. 5 арт. 260 КК Украіны).

"Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, накіраваныя на высвятленне абставінаў і магчымых відавочцаў здарэння. Дасудовае расследаванне ў паказанай крымінальнай вытворчасці знаходзіцца на кантролі пракуратуры вобласці", — адзначана ў паведамленні.

Абласная пракуратура кажа пра магчымы ўдзел беларускага грамадзяніна ва ўзброеным канфлікце ў зоне АТА, інфармацыя пра які з'явілася ў СМІ. "У апублікаваным інтэрв'ю малады чалавек расказаў, што з верасня 2014 года па лістапад 2016-га ўдзельнічаў у незаконным узброеным фарміраванні ў складзе батальёна "Русь" і непасрэдна ў баявых дзеяннях у раёне горада Шчасце і пасёлка Вялікая Гара", — паведамілі ў пракуратуры.

Імя фігуранта не называецца. Мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра 33-гадовага жыхара Віцебска, у мінулым актывіста дэмакратычных сіл Сяргея Трафімава, інтэрв'ю з якім беларуская служба "Радыё Свабода" апублікавала на сваім сайце 4 студзеня.

У інтэрв'ю Трафімаў, які ваяваў на баку самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі, распавядае пра досвед удзелу ў баявых дзеяннях, пра тое, што яго выклікалі на размовы ў беларускі Камітэт дзяржбяспекі ў якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе і ён нібыта прапаноўваў спецслужбам сваё супрацоўніцтва. Сам Трафімаў, нягледзячы на наяўнасць крымінальнай адказнасці за ўдзел у баявых дзеяннях за мяжой, да адказнасці ў Беларусі за гэта не прыцягваўся.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН