Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/01/17/eu_884379_258963/
Дата раздрукоўкі: 08.12.2019 06:49
17.01.2017 21:00 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

На пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пададзена 29 заявак

Мінск, 17 студзеня. На пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільнюс) пададзена 29 заявак, паведаміў БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта. Паводле яго слоў, прыём заявак завяршыўся 17 студзеня.

Мілта адмовіўся паведаміць, ці ёсць сярод прэтэндэнтаў грамадзяне Беларусі, "кіруючыся патрабаваннямі па выкананні канфідэнцыйнасці ў дачыненні да пададзенай кандыдатамі інфармацыі".

Ён адзначыў, што адбор кандыдатаў на пасаду рэктара будзе праводзіцца ўпаўнаважаным камітэтам, членамі якога з'яўляюцца старшыня агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ і прэзідэнт фонду "Еўразія" Хортан Бібі-Сентэр, прэзідэнт ЕГУ Анатоль Міхайлаў, выканаўца абавязкаў рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсен, член сената ЕГУ і прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Ганна Філістовіч і інш.

Міжнародны конкурс на замяшчэнне пасады рэктара праводзіць ад імя ЕГУ кансалтынгавае агенцтва Mercuri Urval пад эгідай Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця.

Як паведамлялася раней, ключавымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да кандыдата з'яўляецца наяўнасць доктарскай ступені (PhD), не менш як 15-гадовы вопыт выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні, вопыт у галіне міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэтаў, а таксама не менш як пяцігадовы вопыт на старшай кіруючай пасады ў сферы вышэйшай адукацыі. Будучы рэктар павінен мець вопыт працы са структурамі Еўрапейскага саюза, свабодна валодаць англійскай мовай. Валоданне рускай і/або беларускай мовай ўлічваецца ў якасці станоўчага фактару.

Былы рэктар ЕГУ Дэвід Полік, які не валодаў ні рускай, ні беларускай мовай, займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016 года.

Выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ ў кастрычніку 2016 года быў прызначаны датчанін Ёрген Ёргенсен.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, у 2004-м закрыты беларускімі ўладамі з-за ідэалагічных прычын. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільнюсе. З'яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.
Алена Спасюк, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН