Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/01/27/885893_885894/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 16:15
27.01.2017 18:20 Эканоміка, Грамадства

Кабякоў: Будаўнічыя праекты Dana Holdings з'яўляюцца яркім увасабленнем брацкіх адносін Беларусі і Сербіі

Мінск, 27 студзеня. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і кіраўнік урада Сербіі Аляксандр Вучыч, які знаходзіцца з візітам у Мінску, 27 студзеня ўзялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця гандлёвага комплексу "Дана Мол" і "Бізнес-цэнтра Дана", якія ўведзены ў сталіцы ў рамках праекта "Маяк Мінска".

Кабякоў адзначыў, што Беларусь надае асаблівае значэнне рэалізацыі сербскіх інвестыцыйных праектаў. "У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця сербскага бізнесу. У Мінску паспяхова ажыццяўляюцца два буйныя сербскія інвестыцыйныя праекты — "Маяк Мінска" і эксперыментальна-шматфункцыянальны комплекс "Мінск-Свет", — цытуе прэм'ер-міністра прэс-служба ўрада.

Ён выказаў упэўненасць, што рэалізацыя такіх праектаў "служыць аб'яднанню народаў, садзейнічае ўмацаванню беларускай і сербскай эканомік і з'яўляецца яскравым увасабленнем брацкіх адносін дзвюх дзяржаў".

Як паведамляў БелаПАН, падчас цырымоніі адкрыцця гандлёвага і бізнес-цэнтра некалькі дольшчыкаў, якія пабудавалі кватэры ў комплексе "Маяк Мінска", правялі гадзінны несанкцыянаваны пікет супраць няякаснага будаўніцтва, патаннення кошту жылля і неаднаразовай карэкціроўкі праекта.

Міжнародная група кампаній з сербскімі каранямі Dana Holdings, якая спецыялізуецца на інвестыцыях у будаўніцтва нерухомасці, працуе ў Беларусі больш за восем гадоў. Самымі буйнымі яе праектамі з'яўляюцца шматфункцыянальныя комплексы "Маяк Мінска" каля Нацыянальнай бібліятэкі і "Мінск-Свет" на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1, а таксама жылыя комплексы "Вівальдзі", "Чайкоўскі" і "Рахманінаў".

Dana Holdings падкантрольная сербскім бізнесменам, братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам. Драгамір Карыч з'яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе, а таксама ўзначальвае ў сербскім парламенце групу дружбы з Беларуссю.

Забудова комплексу "Маяк Мінска" пачалася ў 2010 годзе, усяго тут плануецца пабудаваць каля 1 млн квадратных метраў жылля, узводзяцца таксама шматфункцыянальныя будынкі. Гандлёвы комплекс "Дана Мол" агульнай плошчай каля 200 тыс. квадратных метраў у яго складзе планавалася ўвесці ў эксплуатацыю ў сакавіку 2016 года, аднак першыя крамы, уключаючы гіпермаркет сеткі Green, тут запрацавалі перад Новым годам. Плануецца, што ў комплексе будуць працаваць 150 крам, сямізальны кінатэатр, гульнявыя зоны для дзяцей і фуд-корт.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН