Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/02/886707_12345/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 21:11
02.02.2017 09:30 Палітыка, Грамадства

Грамадзяне Беларусі могуць сутыкнуцца з некаторымі нюансамі пры перасячэнні беларуска-расійскай мяжы ў сувязі са стварэннем РФ памежнай зоны, лічыць эксперт

Мінск, 2 лютага. На беларускіх грамадзян, якія ўехалі на тэрыторыю РФ, як і на грамадзян трэціх краін, можа быць распаўсюджана новаўвядзенне Федэральнай пагранічнай службы Расіі, якое тычыцца знаходжання ў памежнай зоне ў сувязі са стварэннем яе на мяжы з Беларуссю. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН выказаў эксперт у галіне нацыянальнай бяспекі Аляксандр Цішчанка. Агаворак адносна грамадзян Беларусі ў гэтым выпадку няма, канстатаваў ён.

На пытанне пра ўзаемасувязь ўвядзення Расіяй пагранічнай зоны на мяжы з Беларуссю з дадзенай беларускімі ўладамі магчымасцю пяцісутачнага наведвання краіны грамадзянам 80 дзяржаў без віз, эксперт адзначыў, што рашэнне ФПС было прынятае практычна за два тыдні да ўказа прэзідэнта Беларусі.

Эксперт лічыць, што сваімі дзеяннямі Расія стварае буфер для нелегальнай міграцыі. Пры гэтым ён адзначыў, што раней Беларусь увяла рэжым прыгранічных тэрыторый для забеспячэння прафілактычнай дзейнасці на іх органаў унутраных спраў і пагранслужбы, але рэжым памежнай зоны значна больш сур`ёзны.

Вырашэнне ўзніклай праблемы, паводле слоў Аляксандра Цішчанкі, зараз знаходзіцца ў кампетэнцыі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

Нагадаем, дырэктар Федэральнай службы бяспекі Расіі Аляксандр Бортнікаў падпісаў тры загады аб усталяванні межаў памежнай зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, якія мяжуюць з Беларуссю. Дакументы датаваныя 29 снежня 2016 года, а на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі РФ апублікаваныя 27 студзеня гэтага года.

У кожным з загадаў кіраўнік ФСБ вызначае новыя рубяжы памежнай зоны — фактычна ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю. Пагранзона дэталёва прапісаная для кожнага раёна на тэрыторыі трох расійскіх абласцей і прывязаная да геаграфічных каардынат.

Пагранічным упраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у пагранічную зону. Таксама загадана ўстанавіць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН