Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/03/887004_12345/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 21:32
03.02.2017 13:18 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Да наладжвання адносінаў з Захадам мяне падштурхнуў сам Пуцін

Мінск, 3 лютага. Цяперашняе абвастрэнне адносін паміж Беларуссю і Расіяй, верагодна, звязанае з пэўнай насцярожанасцю з расійскага боку, што "Лукашэнка павярнуўся на Захад" і "Беларусь сыходзіць", заявіў беларускі кіраўнік 3 лютага ў Мінску на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ.
У беларуска-расійскіх адносінах, сказаў Лукашэнка, апошнім часам "сітуацыя развіваецца няважна". Ён перакананы, што ў Расіі дзейнічаюць "розныя сілы", пра словы і ўчынкі якіх можа не ведаць прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. "На жаль, яны (розныя сілы. — БелаПАН.) сёння розныя і ў кіраўніцтве краіны. Вельмі дрэнна, што некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем або рашэннямі самога прэзідэнта. Я пра гэта свайму сябру часта кажу, гэта ўжо нікуды не варта", — сказаў афіцыйны лідар.

"Макея (міністр замежных спраў. — БелаПАН.) пачалі дубасіць, што ён тут галоўны вораг, што гэта ён, а не Лукашэнка вядзе на Захад Беларусь, — адзначыў Лукашэнка. — Ён чалавек далікатны, нешта напішуць, а ён пачынае перажываць, хвалявацца. Ніякі Макей без згоды прэзідэнта не вядзе перамовы ні ў Бруселі, ні ў Берліне, ні ў Вашынгтоне".

Паводле слоў беларускага кіраўніка, наладжванне адносінаў з Захадам пачалося з падачы самога Уладзіміра Пуціна: "Калі мы сядзелі пад санкцыямі заходнімі, куды б Пуцін ні прыязджаў, як ён мне казаў (мабыць, у гэтым ёсць нейкая праўда), яму ўвесь час тыкалі, што ён падтрымлівае дыктатара Лукашэнку. Ён мне распавядаў, як яму ў кангрэсе ЗША прамывалі мазгі. Ён мне прама кажа: "Не лайся ты з імі, знайдзі ты з імі нармальныя нейкія адносіны". Клянуся, так было зусім нядаўна! І раптам здымаюць з нас санкцыі. Мы ж не прасілі з нас санкцыі здымаць ніколі, у адрозненне ад некаторых нашых суседзяў".

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што абвастрэнне беларуска-расійскіх адносін адбываецца не ўпершыню. Расія часта "хапалася за газавую, нафтавую трубу", гэта "адбываецца і сёння". "Гэта ўжо звычка такая. Хоць пасля ўсякіх такіх канфліктаў, няхай не публічна, але мне заўсёды казалі: "Так, мы пагарачыліся". Ну няўжо не пагарачыліся? Ну навошта хапацца за жывое, навошта браць за горла?" — абурыўся ён.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН