Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/03/887210_887211/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:42
03.02.2017 21:47 Эканоміка, Палітыка

Расія забараняе пастаўкі ялавічыны з Мінскай вобласці (абноўлена)

Мінск, 3 лютага. Расія з 6 лютага абмяжуе пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Мінскай вобласці Беларусі, гаворыцца ў паведамленні на сайце Рассельгаснагляду.
"Фармальнае стаўленне з боку ветэрынарных спецыялістаў абласных і раённых ветэрынарных службаў Рэспублікі Беларусь да ажыццяўлення кантролю за прадукцыяй, якая адгружаецца, і адсутнасць сістэмы нагляду ў Рэспубліцы Беларусь прыводзяць да працягу спробаў легалізацыі і наступнага ўвозу на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі мясной сыравіны невядомага паходжання нядобрасумленнымі беларускімі вытворцамі", — падкрэслівае Рассельгаснагляд .

Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю беларускай прадукцыі Рассельгаснаглядам "з зайздросным пастаянствам фіксуюцца сляды паўторнай пераўпакоўкі і сляды першаснай маркіроўкі (перамаркіроўкі тавараў), а таксама сляды зрэзаў ветэрынарных клеймаў".

"Гэтыя выпадкі пацвярджаюць наяўнасць на тэрыторыі Мінскай вобласці Беларусі ашуканскіх схем з пастаўкамі ў Расію ўкраінскай і еўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую. Адсутнасць дзейсных мер па недапушчэнні паставак у Расійскую Федэрацыю падкантрольных тавараў з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў ЕАЭС і Расійскай Федэрацыі, а таксама матэрыялаў расследаванняў па ўстанаўленні прычын па кожным факце парушэнняў выклікае недавер да працы дзяржаўнай ветэрынарнай службы Мінскай вобласці. У сувязі з гэтым Рассельгаснагляд вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь з 06.02.2017 года", — падкрэслівае Рассельгаснагляд.

Аб увядзеннi часовых абмежаванняў таксама паведаміў РБК кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт, у дачыненні да якога Аляксандр Лукашэнка 3 лютага даручыў МУС Беларусі разгледзець магчымасць распачынання крымінальнай справы.

У снежні 2016 года Рассельгаснагляд паставіў пад сумненне "сапраўднасць беларускага паходжання" прадукцыі СТАА "Георгій і сыны" і прапанаваў беларускаму боку правесці сумесную праверку прадпрыемства.

Акрамя таго, як расказаў РБК Данкверт, у ходзе праведзенай у пятніцу, 3 лютага, відэаканферэнцыі паміж Рассельгаснаглядам і дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі было ўстаноўлена, што на гэтым прадпрыемстве выяўлены "грубыя парушэнні ветэрынарных правіл і яно цяпер не ажыццяўляе вытворчую дзейнасць". Такія адносіны з боку беларускіх ветэрынарных спецыялістаў Данкверт лічыць "фармальнымі". "Яны прыводзяць да працягу спробаў легалізацыі і наступнага ўвозу на тэрыторыю Расіі мясной сыравіны невядомага паходжання нядобрасумленнымі беларускімі вытворцамі", — адзначыў кіраўнік Рассельгаснагляду.

"Усе выяўленыя выпадкі (акрамя "Георгій і сыны" ў снежні былі спыненыя пастаўкі з АСП "Вытворчы камбінат", ТАА "Анэксімпрод", ТАА "Тэраміт") пацвярджаюць наяўнасць на тэрыторыі Мінскай вобласці Беларусі ашуканскіх схем з пастаўкамі ў Расію ўкраінскай і еўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую", — лічыць Данкверт.

Паводле яго слоў, адсутнасць дзейсных мер па недапушчэнні паставак у Расію падкантрольных тавараў з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў выклікае ў расійскага боку "недавер да працы дзяржаўнай ветэрынарнай службы Мінскай вобласці".

Як паведамляў БелаПАН, 3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Беларусі Ігару Шуневічу разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі. "Трэба вывучыць, Ігар Анатольевіч, пытанне і распачаць крымінальную справу па Данкверту, як калісьці па Керымаву і Баўмгертнеру, за нанясенне ўрону дзяржаве. Распачаць крымінальную справу, і мы яго дастанем", — сказаў ён. (У 2013 годзе ў Беларусі былі распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера і галоўнага акцыянера кампаніі Сулеймана Керымава. Пры гэтым Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску, а Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.)

Паводле слоў Лукашэнкі, калі Данкверт "пабудзе ў следчым ізалятары, тады ён усвядоміць, што ён творыць". "Усе гэтыя данкверты — людзі зацікаўленыя. У кожнага велізарныя латыфундыі. Яны самі з'яўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту: ці крышуюць, ці дзесьці працуюць, ці ўласнікі. Яны, вядома, па якасці і цане не могуць канкурыраваць з беларускай прадукцыяй. Цяпер вы разумееце, чаму ўстанаўліваюцца гэтыя бар'еры", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу ў Рассельгаснаглядзе БелаПАН заявілі, што ведамства "спакойна ставіцца" да даручэння прэзідэнта Беларусі распачаць крымінальную справу ў дачыненні да Данкверта. "Мы спакойна ставімся да гэтай сітуацыі", — заявіла БелаПАН прэс-сакратар Рассельгаснагляду Юлія Мелано.

Яна падкрэсліла, што Рассельгаснагляд дзейнічае ў рамках расійскага заканадаўства і заканадаўства ЕАЭС, правілаў міжнароднага гандлю. "Якіх-небудзь наступстваў мы ў гэтым дачыненні зусім не баімся", — дадала Мелано.

На пытанне, як у ведамстве ставяцца да заявы Лукашэнкі аб асабістай зацікаўленасці Данкверта ўвесці забарону на пастаўку беларускай прадукцыі, прэс-сакратар адказала: "Гэта зусім неапраўдана. Гэта можна лічыць хлуснёй".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН