Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/07/887529_887530/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 10:17
07.02.2017 12:26 Эканоміка, Палітыка

Дварковіч: Зрухаў у перамовах па газе і нафце няма

Мінск, 7 лютага. Зрухаў у беларуска-расійскіх перамовах па газе і нафце няма. Расія працягвае чакаць ад Беларусі аплаты доўгу за газ, заявіў журналістам у Маскве 7 лютага віцэ-прэм`ер РФ Аркадзь Дварковіч.
"Пакуль няма зрухаў. Пакуль чакаем прапаноў ад нашых калегаў. На аснове папярэдніх прапаноў у нас няма пагадненняў. Але ў любым выпадку мы чакаем аплаты за 2016 год", — цытуе Дварковіча ТАСС.

Віцэ-прэм`ер таксама сказаў, што пакуль не можа пракаментаваць заяву прэзідэнта Беларусі аб падачы ў суд на Расію за скарачэнне паставак нафты.

На сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ 3 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што расцэньвае паводзіны Расіі ў нафтагазавай спрэчцы з Беларуссю як здзек.

Ён нагадаў, што Беларусь і Расія даўно выпрацавалі формулу, па якой Мінск плаціць за газ цану, залежную ад кошту нафты. Апошняя цана для Беларусі за 1 тыс. кубаметраў расійскага газу складала каля 132 долараў. Калі ўпалі цэны на нафту, згодна з наяўнай формулай прыродны газ аўтаматычна стаў каштаваць для Беларусі 82 долары за 1 тыс. кубаметраў. "Яны спахапіліся — не, гэта немагчыма. Кажуць, маўляў, мы не будзем прадаваць вам па тысячы кубоў за 82 долары, плаціце па 132 долары. Чаму? А таму, што гэта і так самая нізкая цана, мы нікому па такой цане не прадаем", — расказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь не пагадзілася з патрабаваннямі Масквы, бо разам з падзеннем сусветных цэн на нафту і газ "напалову ўпалі даходы ад рэальнага сектара" беларускай эканомікі, у тым ліку "ад прадуктаў харчавання, трактароў, аўтамабіляў", якія традыцыйна прадаваліся ў Расію. Бакі павінны былі дамовіцца па цане на газ да 1 студзеня 2016 года, аднак гэтага не здарылася, таму што ў Маскве чыноўнікі не хацелі нават размаўляць са сваімі беларускімі калегамі, сцвярджае Лукашэнка. "Проста наплявацельскае стаўленне", — дадаў ён.

У 2016 годзе, паведаміў Лукашэнка, урад Беларусі прыняў рашэнне плаціць не 82 долары, як выходзіла па формуле, і не 132 долары, як таго патрабавала Расія, а 107 долараў за 1 тыс. кубаметраў газу. "І вось тут яны палічылі, што мы недаплацілі 550 мільёнаў долараў, калі зыходзіць з іх цаны 132 долары. І ўсё зайшло ў тупік", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

"Спрэчка ішла выключна па газе, яны пачалі, парушаючы ўсе дамоўленасці, рэзаць нафту. Мы звярнуліся ў суд, згодна з нашымі дамоўленасцямі. Судовы разгляд будзе, натуральна, але хіба гэта нармальна, калі дзве самыя блізкія рэспублікі, самыя родныя людзі пачынаюць рэпу драць?" — абурыўся Лукашэнка.

На той жа сустрэчы ён паведаміў, што 4 лютага Уладзімір Сямашка адпраўляецца ў Маскву на чарговыя перамовы па энергетычных пытаннях.

Вынікі візіту ва ўрадзе Беларусі не каментуюць.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239