Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/07/887557_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.08.2019 06:54
07.02.2017 13:49 Палітыка, Грамадства

Мінгарвыканкам забараніў традыцыйнае шэсце ў Дзень Волі

Мінск, 7 лютага. Мінгарвыканкам адмовіўся выдаць дазвол на правядзенне шэсця ў Дзень Волі, які прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці Беларусі традыцыйна адзначаюць 25 сакавіка. Адпаведны ліст за подпісам кіраўніка спраў гарвыканкама Ганны Мацельскай атрымаў 7 лютага адзін з заяўнікаў шэсця, актывіст руху "За Свабоду" Аляксандр Русевіч.
Як паведамляе прэс-служба руху "За Свабоду", у лісце адзначаецца, што заяўка на правядзенне шэсця ў Дзень Волі "не ўтрымлівае заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства і інфармацыі, якая прадугледжаная для такіх зваротаў у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах".

Акрамя гэтага ўлады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне згаданага закона, які абвяшчае, што "арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб'яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы".

На падставе гэтага, паведамляе Мінгарвыканкам, "станоўча вырашыць разгляданае пытанне" аб дазволе шэсця ў Дзень Волі "не ўяўляецца магчымым".

У сваю чаргу заяўнікі сцвярджаюць, што яшчэ 6 студзеня ўвесь пакет неабходных дакументаў, уключаючы заяўку і абавязацельствы, чыноўнікам перадаў актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Ягор Віняцкі. "Мінгарвыканкам, хутчэй за ўсё, "згубіў" дакументы адмыслова. Гэтая сітуацыя магла адбыцца таму, што чыноўнікі апошнім часам пазбягаюць кантактаў з заяўнікамі непасрэдна і прапануюць пакідаць дакументы ў агульнай скрыні каля ўваходу" — так пракаментаваў сітуацыю старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Сёння аргкамітэт па правядзенні Дня Волі плануе сабрацца, каб абмеркаваць пазіцыю гарадскіх уладаў і прыняць рашэнне з нагоды сваіх дзеянняў 25 сакавіка.

Як раней паведамляў БелаПАН, заяўнікамі шэсця на Дзень Волі сёлета выступілі прадстаўнікі чатырох апазіцыйных арганізацый: Аляксандр Русевіч (рух "За Свабоду"), Дзяніс Садоўскі (аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя"), Ягор Віняцкі (Аб'яднаная грамадзянская партыя) і Дзмітрый Каспяровіч (Партыя БНФ). Арганізатары прасілі ўлады горада дазволіць ім збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Праводзіць мітынг у гэтым годзе не планавалася. Акцыя павінна была прайсці з 14.00 да 15.30.

Дзень Волі штогод адзначаецца беларускай апазіцыяй, ён прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН