Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/08/887743_589647/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 01:25
08.02.2017 12:02 Палітыка

Жырыноўскі сцвярджае, што не прапаноўваў уключыць Беларусь у склад РФ

Мінск, 8 лютага. Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі (ЛДПР) Уладзімір Жырыноўскі сцвярджае, што не прапаноўваў уключыць Беларусь у склад Расійскай Федэрацыі, паведамляе ТАСС. "Журналісты падаюць, што я прапаную Беларусь уключыць у склад Расіі. Я нічога такога не прапаноўваў", — заявіў ён у Маскве 8 лютага.

Жырыноўскі растлумачыў, што ў межах свайго праграмнага выступу на 30-м з'ездзе ЛДПР гаварыў аб супрацоўніцтве ў газавай сферы паміж Беларуссю і Расіяй. "Лукашэнка просіць грошай усё больш і больш. Хоча купляць газ па ўнутраных цэнах. Я сказаў на 30-м з'ездзе ЛДПР: калі ўнутраныя цэны — станавіцеся часткай нашай дзяржавы, і ў вас будуць усе ўнутраныя цэны і поўная бяспека", — дадаў палітык. Такім выказваннем, растлумачыў Жырыноўскі, ён хацеў прадэманстраваць, што "ўнутраныя цэны павінны быць для тых, хто знаходзіцца ў складзе расійскай дзяржавы". "Ні адна дзяржава ў свеце не будзе прадаваць тавар па ўнутраных цэнах іншаземцам", — дадаў ён.

Выступаючы 4 лютага на з'ездзе ЛДПР, Жырыноўскі параўнаў паводзіны прэзідэнта Беларусі з цялём з рускай прымаўкі, які "двух матак смокча". "Беларускі кіраўнік усё, што можна, высмактаў з Расіі, але мы ўжо кажам: колькі ж можна. Што хоча Лукашэнка? Асобная дзяржава, але цэны няхай будуць унутрырасійскімі. З якой нагоды? Тады давайце вы будзеце часткай нашай дзяржавы. І вось сядзіць: дай Расія, дай Еўрасаюз. Як добра", — цытавала Жырыноўскага расійская "Парламентская газета".

Выказванні лідара ЛДПР атрымалі вялікі грамадскі рэзананс у Беларусі. Актывіст арганізацыі "Моладзь БНФ" Максім Солад 5 лютага звярнуўся ў МУС з патрабаваннем даць прававую ацэнку выказванням Жырыноўскага і разгледзець пытанне аб забароне яму ўезду ў Беларусь.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН