Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/08/887821_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.03.2020 06:30
08.02.2017 18:01 Палітыка, Грамадства

Армянскія парламентарыі выступаюць за выключэнне Беларусі з АДКБ у сувязі з экстрадыцыяй блогера Лапшына ў Азербайджан

Мінск, 8 лютага. Дэпутаты армянскага парламента асудзілі выдачу 7 лютага Беларуссю Азербайджану расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, затрыманага ў Мінску 14 снежня мінулага года па запыце Азербайджана. Улады гэтай краіны аб`явілі яго ў міжнародны вышук па лініі Еўрапола за незаконнае наведванне Нагорнага Карабаха. Яму таксама інкрымінуюць "публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы". Лапшыну ў Азербайджане пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамляе Armenpress, парламентарыі, у прыватнасці, лічаць, што экстрадыцыя была праведзеная з парушэннем міжнародных нормаў і правоў чалавека.

"ЕАЭС і АДКБ, а таксама Беларусь — як саюзніцкая дзяржава, пачынаюць губляць аўтарытэт у вачах армянскага грамадства, і тут Расіі ёсць над чым задумацца", — заявіў дэпутат Нацыянальнага сходу Арменіі Самвел Дарманян.

Дэпутат Наіра Заграбян назвала дзеянні Беларусі нахабствам і бяспрыкладным цынізмам. Яна гатовая галасаваць за прыпыненне членства Арменіі ў АДКБ да прававога вырашэння пытання.

А яе калегі Грант Барграцян і Ваграм Багдасаран прапанавалі паставіць пытанне аб выключэнні Беларусі са складу АДКБ.

Па інфармацыі Агенцтва міжнароднай інфармацыі Новости Армения, экстрадыцыю Лапшына ганебным крокам і бруднай здзелкай паміж Беларуссю і Азербайджанам у гутарцы з журналістамі назваў віцэ-спікер Нацыянальнага сходу Арменіі, сустаршыня армяна-беларускай парламенцкай групы дружбы Эдуард Шармазанаў.

"Я, як сустаршыня армяна-беларускай групы дружбы, заяўляю, што гэты ганебны крок і брудная здзелка не зыходзяць з інтарэсаў нашых адносін, мірнага ўрэгулявання карабахскага канфлікту, а з`яўляецца крокам супраць Расіі і ўдарам па дэмакратычных каштоўнасцях, бо ні адзін дэмакратычны рэжым не мог пайсці на такі крок", — сказаў Шармазанаў.

Пры гэтым ён зазначыў, што як сустаршыня камісіі не лічыць на гэты момант мэтазгодным садзіцца з беларускім бокам за стол перамоваў для абмеркавання гэтага пытання, "бо камісія называецца групай дружбы, а гэта абсалютна не дружалюбны крок".

Замарозіць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю запатрабаваў перадвыбарны блок "Выхад". Пра гэта, як паведамляе рэсурс lragir.am, гаворыцца ў заяве альянсу, якую размясціў на сваёй старонцы ў Facebook адзін з яго лідараў, дэпутат парламента Арменіі Нікол Пашынян. Блок праводзіць сёння акцыю пратэсту ля пасольства Беларусі ў Арменіі.

"Блок "Выхад" рашуча асуджае гэты крок уладаў Беларусі, які парушае права свабоды слова, і лічыць гэта абразай на адрас армянскага народа. Экстрадыцыя Лапшына сведчыць аб тым, што саюзніцкі статус Беларусі ў дачыненні да Арменіі ў АДКБ і ЕАЭС носіць фармальны характар і не можа быць фактарам забеспячэння знешняй бяспекі Арменіі. Блок "Выхад" патрабуе ад уладаў Арменіі адклікаць пасла Арменіі ў Беларусі і замарозіць дыпламатычныя адносіны з гэтай краінай", — падкрэслена ў заяве.

Пасол Арменіі ў Беларусі Армэн Хачатран заявіў рэсурсу, што зрабіў усё магчымае для недапушчэння экстрадыцыі Лапшына. Пры гэтым ён сказаў, што патрабаваць адклікання пасла могуць толькі недасведчаныя людзі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН