Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/14/888630_888631/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 08:35
14.02.2017 15:25 Грамадства, Палітыка

Улады Магілёва забаранілі правядзенне "Марша недармаедаў"

Мінск, 14 лютага. Улады Магілёва адказалі адмовай на заяўку прадстаўнікоў дэмакратычнай кааліцыі рэгіёну правесці 19 лютага ў абласным цэнтры "Марш недармаедаў", паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".

Падставай для адмовы стала тое, што заяўленае месца правядзення маршу, які павінен быў пачацца ў цэнтры горада, не супадае з адведзенымі для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве.

"Улады заявілі, што названае месца не дазволена для правядзення мітынгаў. Але ж мы падавалі заяву на правядзенне не мітынгу, а шэсця па адзінай пешаходнай вуліцы Магілёва", — адзначыў каардынатар БХД у горадзе Алег Аксёнаў.

"Гэтая адмова сведчыць, што права на свабодныя сходы ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца, — заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Ужо тое, што грамадзяне павінны браць дазвол на пратэст, з`яўляецца парушэннем права на свабоду сходаў. Але нават калі дэмакратычная апазіцыя выконвае фармальныя патрабаванні, улады ігнаруюць права на правядзенне мірных сходаў".

Замест "Марша недармаедаў" рэгіянальная дэмакратычная кааліцыя прапаноўвае не згодным з дэкрэтам № 3 выйсці 19 лютага на "шпацыр па горадзе".

Акцыі супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" таксама плануюцца ў Мінску.

На 17 лютага намечана правядзенне "Марша абураных беларусаў" супраць незаконных пабораў уладаў, які ініцыяваны Беларускім нацыянальным кангрэсам.

30 студзеня ў Мінскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 15 сакавіка "Марша недармаедаў", у аргкамітэт якога ўваходзяць Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", АГП, рух "За Свабоду", аргкамітэты па стварэнні БХД, Партыі працоўных і партыі "Надзея", БСДП (Грамада), Беларуская партыя "Зялёныя" і грамадзянская кампанія "Наш дом".

Дэкрэт № 3 абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь (цяпер 460 рублёў).
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН