Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/15/888856_888857/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:26
15.02.2017 20:53 Палітыка

МЗС: Акцыя групы расійскіх грамадзян — свядомая правакацыя, накіраваная на зрыў перамоўнага працэсу па Данбасе

Мінск, 15 лютага. "Свядомай правакацыяй, накіраванай на зрыў перамоўнага працэсу і дыскрэдытацыю мінскай перамоўнай пляцоўкі", назвала беларускае МЗС акцыю прадстаўнікоў незарэгістраванай нацыяналістычнай партыі "Іншая Расія" падчас прэс-канферэнцыі спецпрадстаўніка АБСЕ Марціна Сайдзіка па выніках чарговага раўнда перамоў.
"15 лютага 2017 года групай асоб, дакументаваных пашпартамі грамадзян Расійскай Федэрацыі, а таксама журналісцкімі пасведчаннямі, у прыватнасці выдання "Руская планета", была зроблена спроба сарваць прэс-канферэнцыю спецыяльнага прадстаўніка дзейнага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны, пасла Марціна Сайдзіка. Названыя асобы раскідвалі ўлёткі і выкрыквалі лозунгі, якія перашкаджалі зносінам пасла з прадстаўнікамі СМІ. У сувязі з гэтым яны былі выдаленыя прадстаўнікамі праваахоўных органаў з месца правядзення мерапрыемства. У выніку прэс-канферэнцыя адбылася, і прадстаўнікі СМІ атрымалі інфармацыю аб выніках працы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску ў поўным аб`ёме", — гаворыцца ў заяве, якую зачытаў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык.

"Беларускі бок будзе і далей прымаць усе меры для арганізацыі бяспекі і бесперашкоднай працы трохбаковай кантактнай групы і неадкладна спыняць усе спробы перашкодзіць яе працы", — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.

Сам Марцін Сайдзік ніяк не пракаментаваў правакацыю маладых людзей, аднак падзякаваў журналістам за цярпенне.

Як ужо паведамляў БелаПАН, у момант выхаду Сайдзіка да журналістаў два хлопцы і дзве дзяўчыны заявілі, што яны актывісты партыі "Іншая Расія" (былая нелегальная Нацыянал-бальшавіцкая партыя), і пачалі выкрыкваць лозунгі "Іншая Расія!", "Рукі прэч ад Данбаса!", "Парашэнка — забойца!" і "Данбас — у склад Расіі!". Маладыя людзі раскідалі ўлёткі з заявай, у якой сцвярджалася, што перамовы ў Мінску нічога не вырашаюць. Сайдзік часова пакінуў памяшканне для прэс-канферэнцыі.

Разам з журналістамі ў чаканні дыпламата маладыя людзі правялі некалькі гадзін у холе "Прэзідэнт-гатэля", называючыся карэспандэнтамі беларускіх СМІ, у прыватнасці "Нашай нівы". Яны цікавіліся, хто будзе выступаць і хто такі Сайдзік.

Адзін з удзельнікаў акцыі пасля інцыдэнту застаўся сядзець у холе гасцініцы і адмаўляўся размаўляць з журналістамі, але потым паведаміў, што ўсе яны прыехалі з Расіі, а акцыя была накіравана супраць АБСЕ як арганізацыі, якая, на іх думку, нічога не вырашае. Актывіст, які назваўся Мойшай, заявіў, што іх мэтай з`яўляецца "ўключэнне Данбаса ў склад Расіі".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН