Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/02/16/888896_478569/
Дата раздрукоўкі: 29.01.2020 15:28
16.02.2017 11:07 Эканоміка

Сямашка: Падпісанне пратакола з РФ па нафтагазавым пытанні чакаецца на наступным тыдні

Мінск, 16 лютага. Падпісанне пратакола з Расіяй па нафтагазавай спрэчцы чакаецца на наступным тыдні, паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка 16 лютага перад пачаткам калегіі Міністэрства прамысловасці.
"Мы на мінулым тыдні правялі чарговыя перамовы. Склалі праект пратакола, завізавалі нашымі подпісамі з нашым візаві — віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам. Зараз пратакол знаходзіцца на разглядзе расійскага кіраўніцтва. Я спадзяюся, на наступным тыдні ён, магчыма, будзе прыняты", — сказаў Сямашка.

Змест пратакола беларускі віцэ-прэм'ер не канкрэтызаваў, толькі адзначыў, што гэта ўжо "дваццаты варыянт".

Мінск і Масква ўжо год не могуць дамовіцца аб фармаванні цаны на газ і ўрэгуляваць пытанне аплаты доўгу Беларусі за ўжо пастаўленыя аб'ёмы.

7 лютага віцэ-прэм'ер РФ Дварковіч заявіў, што зрухаў у перамовах па газе і нафце няма. Расія працягвае чакаць ад Беларусі аплаты доўгу за газ, падкрэсліў ён.

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка расказаў дэталі нафтагазавай спрэчкі.

Ён адзначыў, што Беларусь і Расія даўно выпрацавалі формулу, згодна з якой Мінск плаціць за газ цану, залежную ад кошту нафты. Апошняя цана для Беларусі за 1 тыс. кубаметраў расійскага газу складала прыблізна 132 долары. Калі абрынуліся цэны на нафту, згодна з формулай прыродны газ аўтаматычна стаў каштаваць для Беларусі 82 долары за 1 тыс. кубаметраў. "Яны схамянуліся — не, гэта немагчыма. Кажуць, маўляў, мы не будзем прадаваць вам па тысячы кубоў за 82 долары, плаціце па 132 долары. Чаму? А таму, што гэта і так самая нізкая цана, мы нікому па такой цане не прадаем", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь не пагадзілася з патрабаваннямі Масквы, бо разам з падзеннем сусветных цэн на нафту і газ "напалову ўпалі даходы ад рэальнага сектара" беларускай эканомікі, у тым ліку "ад прадуктаў харчавання, трактароў, аўтамабіляў", якія традыцыйна прадаваліся ў Расію. Бакі павінны былі дамовіцца аб цане на газ да 1 студзеня 2016 года, аднак гэтага не здарылася, таму што ў Маскве чыноўнікі не хацелі нават размаўляць са сваімі беларускімі калегамі, сцвярджаў Лукашэнка. "Проста наплявацельскае стаўленне", — дадаў ён.

У 2016 годзе, паведаміў афіцыйны лідар, урад Беларусі прыняў рашэнне плаціць не 82 долары, як выходзіла згодна з формулай, і не 132 долары, як таго патрабавала Расія, а 107 долараў за 1 тыс. кубаметраў газу. "І вось тут яны палічылі, што мы недаплацілі 550 млн долараў, калі зыходзіць з іх цаны 132 долары. І ўсё зайшло ў тупік", — сказаў Лукашэнка.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН